Леў XIV: служэнне мігрантам застаецца выклікам для Касцёла
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Заключным этапам душпастырскага візіту Папы ў Ламбардыю стала Сант-Анджэла-Ладыджана, куды ён прыбыў увечары 20 чэрвеня 2026 года на верталёце з Павіі. З мясцовага стадыёна, дзе адбылося прызямленне, Леў XIV накіраваўся ў парафію святых Антонія, абата, і Франчэскі Кабрыні, дзе ўзначаліў адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Папа адзначыў, што прыбыў у Сант-Анджэла-Ладыджана, каб аддаць пашану маці Кабрыні, заступніцы мігрантаў, першай святой Злучаных Штатаў Амерыкі, якая нарадзілася ў гэтым мястэчку ў 1850 годзе і памерла ў Чыкага, яго родным горадзе, у 1917 годзе.
“Калі я даведаўся, што Сант-Анджэла-Ладыджана знаходзіцца ўсяго ў некалькіх кіламетрах ад Павіі, я падумаў скарыстацца гэтай магчымасцю... І вось я тут. Дзякую вам за цёплы прыём!”, - сказаў Леў XIV.
Папа нагадаў, што святая Франчэска Кабрыні марыла адправіцца на місію ў Кітай, наследуючы святога Францішка Ксаверыя, але Леў XIII прапанаваў ёй звярнуць позірк на Захад і служыць там, дзе была найбольшая патрэба. У выніку яна цалкам прысвяціла сябе дапамозе італьянскім мігрантам у Злучаных Штатах Амерыкі.
Святы Айцец заўважыў, што сёння міграцыйныя працэсы сталі яшчэ больш складанымі, чым у часы святой Кабрыні, але па-ранейшаму патрабуюць увагі і клопату Касцёла.
“Давайце спытаем сябе: калі б маці Франчэска жыла сёння, што б ёй сказала яе місійная душа? А дакладней, што б сказала Сэрца Хрыста сэрцу жанчыны, прысвечанай Яму і служэнню Яго Валадарству? І аб чым яе папрасіў бы такі Папа, як Францішак, які, будучы сынам італьянскіх эмігрантаў, зрабіў служэнне мігрантам адным з ключавых напрамкаў свайго пантыфікату?”, - прапанаваў задумацца Пантыфік.
Леў XIV адзначыў, што святая Кабрыні цалкам жыла любоўю да мігрантаў, шукаючы і падтрымліваючы іх у самых цяжкіх умовах – у беднасці, турмах і шахтах. “Браты і сёстры, што можа быць больш актуальным за гэты харызмат?”, - спытаў Папа.
Пантыфік падкрэсліў, што прыклад святой Франчэскі Кабрыні застаецца вельмі актуальным і сёння. Ён заклікаў асабліва моладзь пазнаёміцца з жыццём і творамі святой, заўважыўшы, што яе дух спалучаў малітву і актыўнае служэнне, а крыніцай яе сілы была любоў да Хрыста.
“Няхай сваім прыкладам і заступніцтвам святая Кабрыні дапаможа вам закахацца ў Хрыста, стаць сведкамі Яго Евангелля, працавітымі і шчодрымі ў служэнні самым бедным. Няхай яна дапаможа вам жыць сапраўднай сінадальнасцю, ісці разам і разам імкнуцца да святасці ў разнастайнасці дароў і служэнняў. Я запэўніваю вас у сваёй малітве аб гэтым”, - сказаў Леў XIV.
Пасля завяршэння набажэнства і ўшанавання сэрца святой Франчэскі Кабрыні, якое захоўвацца ў мясцовым касцёле, Папа адправіўся на гарадскі стадыён, адкуль вылецеў верталётам у Ватыкан.
