Малітоўная інтэнцыя Папы: каб спорт аб’ядноўваў народы

У чэрвені 2026 года Леў XIV заклікае маліцца аб тым, каб спорт быў шляхам братэрства, міру і духоўнага росту. Ён агучыў сваю інтэнцыю ў відэароліку Папскай сусветнай сеткі малітвы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Молімся, каб спорт быў інструментам міру, сустрэчы і дыялогу паміж культурамі і нацыямі і каб ён спрыяў развіццю такіх каштоўнасцяў, як павага, салідарнасць і асобасны рост”, - так гучыць малітоўная інтэнцыя Святога Айца.

У відэароліку Папа ўзносіць малітву, кажучы пра спорт як пра дар Бога, які вучыць людзей адзінству, павазе і супрацоўніцтву.

“Уладару жыцця, дзякуем Табе за дар спорту, за тых, хто праслаўляе Бога праз трэніроўку цела, за дружбу, што нараджаецца на спартыўнай пляцоўцы, і за радасць каманднай гульні.

Ты вучыш нас, што ў жыцці, як і ў гульні, ніхто не збавіцца ў адзіночку. Мы маем патрэбу ў іншых, каб расці, вучыцца павазе, пераадольваць межы і разам святкаваць дасягнутыя перамогі.

Просім Цябе: няхай спорт заўсёды будзе школай братэрства, а не бясплоднага суперніцтва, прасторай сустрэчы, а не выключэння, шляхам міру, а не гвалту.

Дазволь тым, хто гуляе, трэніруе або падтрымлівае спартсменаў, убачыць у спорце ўніверсальную мову, якая збліжае культуры, аб’ядноўвае народы, сее павагу, салідарнасць і асабісты рост.

Пане Езу, няхай кожны від спорту стане прыпавесцю пра жыццё, пражытае з Табой; жыццё, у якім мы супрацоўнічаем старанна і з радасцю, прымаем паражэнне са пакорай і сустракаем перамогу з удзячнасцю, якую Ты даруеш нам у Сваім уваскрасенні.

Няхай нас ніколі не пакіне Твой Дух, які робіць нас адной камандай, злучанай з Табой, каб ствараць супольнасць і братэрства ў гісторыі”, - памаліўся Святы Айцец.
 

02 чэрвеня 2026, 15:00