Пантыфік: не адварочвацца ад тых, хто шукае абароны і бяспекі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Учора адзначаўся Сусветны дзень бежанцаў, абвешчаны Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый, і 75-я гадавіна Канвенцыі аб статусе бежанцаў, створанай для абароны тых, хто падвяргаецца пераследу і вымушаны пакінуць сваю зямлю, дом і сям’ю”, - нагадаў Папа.
“Спадзяюся, што дух, які натхняў распрацоўку гэтага важнага міжнароднага дакумента, і сёння будзе асвятляць сумленне кіраўнікоў народаў. Ніхто не можа адвярнуцца ад тых, хто шукае абароны і бяспекі. Заклікаю таксама ўсіх прымаць тых, хто стаў ахвярай пераследу, каб яны маглі жыць у міры і годнасці, а таксама глядзець у будучыню з надзеяй”, - дадаў Святы Айцец.
Тэма сёлетняга Сусветнага дня бежанцаў – “Пакуль не будуць у бяспецы ўсе”. Яна звяртае ўвагу на сітуацыю мільёнаў людзей па ўсім свеце, якія былі вымушаныя пакінуць свае дамы з прычыны войнаў, пераследу або іншых небяспек. Ініцыятыва ААН нагадвае, што гэтыя людзі маюць патрэбу не толькі ў дапамозе, але і ў магчымасці пачаць новае жыццё, працаваць, развівацца і жыць годна.
Кампанія “Пакуль не будуць у бяспецы ўсе” заклікае ўрады забяспечваць справядлівыя ўмовы для атрымання прытулку, міжнародную супольнасць – працягваць падтрымку бежанцаў, мясцовыя грамадствы – прымаць іх, а кожнага чалавека – памятаць, што права на бяспеку павінна належаць усім без выключэння.
