Папа: быць місіянерскім Касцёлам для аздараўлення свету

Леў XIV заклікаў ва ўсім, што датычыцца справы евангелізацыі, заўсёды ставіць у цэнтр Езуса Хрыста і кіравацца евангельскім прынцыпам пакоры, выказаным святым Янам Хрысціцелем: “Яму трэба ўзрастаць, а мне станавіцца меншым”.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

1 чэрвеня 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў пленарнай асамблеі Папскіх місіянерскіх таварыстваў. Ён заўважыў, што сёлета будуць адзначацца некалькі важных юбілеяў: 100-годдзе устанаўлення Сусветнага дня місій – важнай ініцыятывы для духоўнай і матэрыяльнай падтрымкі місіянерскай дзейнасці Касцёла, а таксама 100-годдзе Папскага місіянерскага саюза, пакліканага прасоўваць сярод вернікаў “місіянерскую духоўнасць і больш глыбокую адданасць евангелізацыйнай місіі Касцёла”.

“Правідэнцыяльным з’яўляецца і тое, што ў гэтым годзе, 24 верасня, у Сэнт-Луісе, штат Місуры, будзе беатыфікаваны знакаміты нацыянальны старшыня Папскіх місіянерскіх таварыстваў у Злучаных Штатах Амерыкі, Слуга Божы Фултан Джон Шын. Арцыбіскуп Шын быў святлом веры, надзеі і любові, якое дзесяцігоддзямі ззяла праз радыё- і тэлевізійныя медыя. Яго трансляцыі кранулі мільёны людзей надзеяй Евангелля, а яго ініцыятывы і намаганні паспрыялі велізарнай духоўнай і матэрыяльнай дапамозе Касцёлам у рэгіёнах першай евангелізацыі. Няхай наш новы благаслаўлёны будзе прыкладам для ўсіх нацыянальных і дыяцэзіяльных старшынь Папскіх місіянерскіх таварыстваў па ўсім свеце”, - сказаў Леў XIV.

Святы Айцец адзначыў важнасць Папскіх місіянерскіх таварыстваў для абвяшчэння Хрыста, “Валадара Супакою і ўцелаўлёнай Божай Любові да чалавецтва”, у “свеце, які ўсё больш пакутуе ад падзелаў, войнаў, канфліктаў паміж народамі і краінамі”.

Пантыфік спаслаўся на тэму сёлетняга Сусветнага дня місій – “Адзіныя ў Хрысце, з’яднаныя ў місіі” – падкрэсліўшы, што яна запрашае ўсіх членаў Касцёла да больш глыбокай еднасці ў Хрысце і да больш поўнага адзінства ў Яго боскай місіі любові.

“Другі Ватыканскі Сабор настойваў на тым, што “Пілігрымуючы Касцёл па сваёй сутнасці з’яўляецца місійным, бо паводле плана Бога Айца бярэ свой пачатак з місіі Сына і са спаслання Духа Святога” (Ad Gentes, 2). Памятаючы пра гэта, я запрашаю вас усіх усвядоміць тэрміновую неабходнасць прыняцця пастаяннага місіянерскага навяртання і разам шукаць шляхі, каб быць місіянерскім Касцёлам для аздараўлення нашага свету, поўнага напружанасці, канфліктаў і войнаў. У гэтай важнай задачы праца Папскіх місіянерскіх таварыстваў застаецца істотнай. Таму давайце працягваць наша місіянерскае падарожжа з радасцю і адноўленым запалам. Ува ўсім, што б мы ні рабілі для справы евангелізацыі, давайце заўсёды ставіць у цэнтр Езуса Хрыста, прымаючы цудоўны евангельскі прынцып, выказаны святым Янам Хрысціцелем: “Яму трэба ўзрастаць, а мне станавіцца меншым” (Ян 3,30)”, - сказаў Папа.
 

01 чэрвеня 2026, 12:42