Папа: медыцына не можа станавіцца служанкай запланаванай смерці

“Ніводны ўрач ніколі не павінен дазваляць сабе на падставе лабараторных алгарытмаў вырашаць пытанне жыцця таго ці іншага эмбрыёна або пажылога чалавека”, - падкрэсліў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

22 чэрвеня 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю Фонду Жэрома Лежэна (Foundation Jérôme Lejeune), які займаецца падтрымкай даследаванняў сіндрому Даўна, медыцынскай дзейнасці ў галіне генетычных захворванняў і прасоўваннем культуры павагі да чалавечага жыцця.

“Крануты пакутамі дзяцей з інваліднасцю, прафесар Лежэн прысвяціў ім усё сваё жыццё як навуковец. Яго самае вядомае адкрыццё – выяўленне храмасомнай анамаліі, адказнай за трысомію 21, – зрабіла яго піянерам сучаснай генетыкі, прызнаным ва ўсім свеце, пра што сведчыць доўгі спіс яго ўзнагарод і ганаровых званняў”, - сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што прафесар Лежэн займаўся не толькі навуковымі даследаваннямі, але таксама быў урачом паводле паклікання і нястомна шукаў спосабы палегчыць жыццё сваіх пацыентаў, якіх называў “беднымі сярод бедных”.

Святы Айцец таксама адзначыў блізкія адносіны Жэрома Лежэна са святым Паўлам VI і святым Янам Паўлам II, а таксама яго ўдзел у стварэнні Папскай акадэміі жыцця.

“Адукаваны і мудры чалавек, Жэром Лежэн вельмі хутка зразумеў, што яго навуковае адкрыццё будзе выкарыстоўвацца для таго, каб пазбаўляць жыцця людзей з трысоміяй 21 яшчэ да іх нараджэння. Таму ён без ваганняў стаў іх абаронцам, асуджаючы парушэнне клятвы Гіпакрата і гэты новы еўгенізм, які называў “храмасомным расізмам””, - адзначыў Леў XIV, нагадваючы пра актыўныя выступленні Лежэна ў абарону чалавечага жыцця, якія нярэдка шкодзілі яго навуковай кар’еры.

“Прафесар Лежэн усведамляў, што хоць тэхніка можа дапамагчы медыцыне, яна ніколі не здольная яе замяніць. Акрамя таго, ён ведаў, што тэхніка можа выкарыстоўвацца супраць медыцыны – якая па сваёй прыродзе служыць жыццю, – як гэта адбываецца, калі яна выходзіць з-пад неабходнага этычнага кантролю і калі пераважаюць разлікі эфектыўнасці, прыбытковасці або карыснасці. Аднак каштоўнасць чалавека не залежыць ад таго, што ён робіць або стварае. Таму ніводны ўрач ніколі не павінен дазваляць сабе на падставе лабараторных алгарытмаў вырашаць пытанне жыцця таго ці іншага эмбрыёна або пажылога чалавека! Ніколі медыцына не павінна станавіцца служанкай запланаванай смерці!”, - падкрэсліў Папа.

Леў XIV падзякаваў супрацоўнікам Фонду Жэрома Лежэна за працяг справы навукоўца праз даследаванні, медыцынскую дапамогу, абарону чалавечай годнасці, прасоўванне культуры павагі да жыцця і адукацыйную працу ў галіне медыцынскай этыкі. Папа заклікаў сваіх гасцей браць прыклад з Жэрома Лежэна, спалучаючы навуку і веру, праўду і міласэрнасць, а таксама быць актыўнымі сведкамі ў грамадстве, служачы няспыннаму пошуку агульнага дабра.

“Гэта першы вялікі прынцып сацыяльнага вучэння Касцёла і “сацыяльная форма” годнасці, прызнаная за кожным чалавекам. Агульнае дабро не выключае нікога з тых, хто быў створаны на вобраз і падабенства Бога”, - сказаў Святы Айцец.
 

22 чэрвеня 2026, 10:40