Папа ў Мансэрат: Ружанец за мір і заклік да бяззбройнай любові
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У сераду, 10 чэрвеня 2026 года, Святы Айцец у межах свайго апостальскага падарожжа прыбыў у базіліку пры кляштары Маці Божай з Мансэрат. Пад гук званоў ён пад'ехаў да атрыума перад храмам, дзе яго сустрэлі біскуп дыяцэзіі Сэнт-Фэліў-дэ-Лябрэгат Ксаўе Гомес Гарсія і айцец-абат манастыра Манэль Гач і Урыяс. У атрыуме прысутнічалі каля тысячы дзяцей.
Пры ўваходзе ў базіліку Пантыфік пацалаваў крыж і акрапіў вернікаў асвячонай вадой, пасля чаго накіраваўся ў капліцу Найсвяцейшага Сакрамэнту для кароткага роздуму ў цішыні, а затым прайшоў у прэзбітэрый.
Пасля кароткага ўступу біскупа і прывітальных слоў айца-абата адбылася малітва Святога Ружанца. У сваім разважанні Леў XIV выказаў радасць ад магчымасці быць ля падножжа Маці Божай, якую тут ласкава называюць "ла Марэнэта", каб даверыць яе мацярынскаму заступніцтву сваё служэнне і місію Касцёла ў свеце, які патрабуе справядлівасці і міру.
Ён адзначыў, што сцены гэтага санктуарыя захоўваюць незлічоныя гісторыі пабожнасці, удзячнасці і надзеі. Яны былі сведкамі крыві, пралітай за любоў да Езуса Хрыста, і чулі спеў Эскаланіі – найстарэйшага дзіцячага хору ў Еўропе.
Святы Айцец узгадаў, як у 2023 годзе яго папярэднік, Папа Францішак, ахвяраваў Багародзіцы, шанаванай у гэтай іконе, залатую ружу і падкрэсліў, што перад Маці Божай абуджаюцца самыя высакародныя пачуцці чалавека. Гэтае месца натхняе на глыбокае навяртанне, як гэта адбылося са святым Ігнацыем Лаёлам, які пасля ночы малітвы перад Паннай Марыяй пакінуў сваю рыцарскую зброю, каб пачаць новае жыццё на службе Езусу Хрысту.
Папа заклікаў вернікаў прыняць заклік Марыі: "Рабіце тое, што Ён вам скажа". Святы Айцец падкрэсліў, што воля Езуса ясная: "Гэта наказваю вам: каб вы любілі адзін аднаго", бо гэта любоў, якая мае ў Ім самім сваю крыніцу і вымярэнне.
Леў XIV адзначыў, што Хрыстус паказвае шлях міласэрнасці, паяднання, праўды і лагоднасці, выкрываючы насілле, якое можа хавацца ў словах і ўчынках – прыніжальную крытыку, разбуральнае асуджэнне і агрэсіўнасць.
Спасылаючыся на вобраз Маці Божай з Мансэрат, якая трымае на каленях безабароннае Дзіця Езуса, Папа заклікаў вернікаў скласці да ног Найсвяцейшай Панны панцыры, якія робяць сэрцы жорсткімі. Ён нагадаў, што Божае Дзіця не мае зброі, як і на крыжы Хрыстус цалкам аддаў сябе Айцу, каб выратаваць чалавека бяззбройнай сілай любові. Папа заклікаў апрануцца ў зброю Бога, пра якую казаў святы Павел: пояс праўды, браню справядлівасці і шчыт веры.
Звяртаючы ўвагу на зямны шар у правай руцэ Панны Марыі як знак яе мацярынскага клопату, Леў XIV заклікаў бачыць ва ўсіх братоў і сясцёр, нікога не выключаць. Ён папрасіў Каралеву міру навучыць людзей адмаўляцца ад абразлівых слоў, паспешлівых меркаванняў і паклёпу, а таксама вырошчваць любоў у сем'ях, на працы, у сацыяльных сетках і палітычных дэбатах.
Пасля заключнай малітвы, благаслаўлення і спеваў "Salve Regina" і "Virolai" Папа адправіўся для кароткага роздуму ў капліцу Панны Марыі, а затым выйшаў на балкон, каб павітаць прысутных на плошчы вернікаў.
