Леў XIV падчас выступлення на адкрыцці надзвычайнага кансісторыя Леў XIV падчас выступлення на адкрыцці надзвычайнага кансісторыя  (@Vatican Media)

Адкрыццё кансісторыя: Леў XIV вызначыў галоўныя тэмы

Леў XIV адкрыў надзвычайны кансісторый у Зале Паўла VI, заклікаўшы кардыналаў да супольнага роздуму над місіяй Касцёла і развіцця сінадальнасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У пятніцу, 26 чэрвеня 2026 года, у Зале Паўла VI у Ватыкане каля 9.30 Святы Айцец адкрыў працы надзвычайнага кансісторыя. Звяртаючыся да кардыналаў, Пантыфік выказаў шчырую ўдзячнасць за іх гатоўнасць адгукнуцца на запрашэнне і падкрэсліў супольную адказнасць за клопат пра Божы народ.

Папа нагадаў пра сваё жаданне, выказанае падчас кансісторыя ў студзені 2026 года, каб такога роду форумы дапамагалі вучыцца працаваць разам на карысць касцельнай місіі. Паводле яго слоў, камунія патрабуе штодзённага навяртання, якое нараджаецца ў малітве, узаемным даверы і здольнасці слухаць адзін аднаго.

Ад супольнай малітвы – да канкрэтных выклікаў сучаснасці

Святы Айцец прапанаваў кардыналам засяродзіцца на чатырох узаемазвязаных тэмах, пачынаючы з погляду на свет, у якім Касцёл пакліканы абвяшчаць Евангелле. Ён заклікаў спачатку спыніцца перад рэчаіснасцю і паглядзець на яе вачыма веры, згадаўшы сваю гамілію ў Мадрыдзе 7 чэрвеня 2026 года: "Езус ходзіць па вуліцах, перасякае плошчы, наведвае нашы кварталы".

Адна з рабочых сесій будзе прысвечана разважанням пра культуру ўлады і цывілізацыю любові ў кантэксце шматлікіх канфліктаў і насілля. Папа адзначыў, што яго энцыкліка "Magnifica humanitas" прапануе каштоўныя ключы для разумення гэтага часу. Ён выказаў жаданне пачуць, як змест яго першага такога роду дакумента адгукаецца ў розных мясцовых Касцёлах.

Падчас адкрыцця надзвычайнага кансісторыя
Падчас адкрыцця надзвычайнага кансісторыя   (@Vatican Media)

Трэцяя сесія Надзвычайнага кансісторыя будзе прысвечана сацыяльнаму вучэнню і ўкладу Касцёла ў будаўніцтва агульнага дабра. Леў XIV звярнуў увагу на 86-ы пункт энцыклікі "Magnifica humanitas", які нагадвае пра патрэбу ў празрыстасці, ацэнцы і сумеснай адказнасці при прыняцці рашэнняў.

Заключная частка працы будзе прысвечана рэалізацыі Сінода, што аб’яднае ўсе папярэднія дыскусіі. Папа падкрэсліў, што сінадальнасць – гэта перш за ўсё "ўнутраны настрой, адкрытасць, гатоўнасць зразумець". Яна не змяншае аўтарытэт, а дапамагае глыбей усвядоміць яго сапраўднае значэнне, якое палягае ў захаванні еднасці і арыентацыі супольнага шляху Касцёла.

Місія як галоўны арыенцір і патрэба ў братэрскай падтрымцы

Усе абмеркаваныя тэмы яднаюцца вакол аднаго галоўнага пытання: як дапамагчы Касцёлу абвяшчаць Евангелле з большай вернасцю, свабодай і пераканаўчасцю. Папа падкрэсліў, што місія – гэта не адна з многіх задач, а сама прычына існавання Касцёла і галоўны крытэрый супольнага распазнавання.

Для выканання гэтага служэння Пантыфіку патрэбны досвед і пастырская мудрасць кардыналаў. "Мне патрэбна ваша падтрымка: моцная, выразная і публічная. Мне патрэбна адчуваць вашу падтрымку як ад братоў", - звярнуўся да прысутных Святы Айцец. Ён заклікаў іерархаў да свабоды, шчырасці і вернасці, заўважыўшы, што сумленная парада заўсёды застаецца жэстам камуніі.

Падчас адкрыцця надзвычайнага кансісторыя
Падчас адкрыцця надзвычайнага кансісторыя   (@Vatican Media)

Напрыканцы Пантыфік заахвоціў кардыналаў да плённай працы ў групах, нават калі для Калегіі гэта пакуль нязвыклы фармат. Пры гэтым застанецца прастора і для асабістых выступленняў ці канфідэнцыяльных водгукаў.

Сваю прамову Папа завяршыў заклікам даверыць гэтыя дні працы Духу Святому, каб Ён даў ласку шукаць тое, што найлепш служыць Евангеллю і дабру Божага народа.
 

26 чэрвеня 2026, 10:47