Папа на Тэнэрыфэ: сапраўдная інтэграцыя будуе будучыню мігранта
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У межах свайго апостальскага падарожжа ў Іспанію, у пятніцу, 12 чэрвеня 2026 года, Святы Айцец наведаў плошчу Крыста-дэ-ла-Лагуна на востраве Тэнэрыфэ. Там адбылася яго сустрэча з мясцовымі супольнасцямі і арганізацыямі, якія самааддана займаюцца інтэграцыяй мігрантаў.
Папу прывітаў біскуп дыяцэзіі Сан-Крыстабаль-дэ-ла-Лагуна Элой Альберта Сант'яга Сант'яга. Падчас адмысловай праграмы прагучалі спевы і сведчанні, якімі падзяліліся венесуэльскі святар Дарвін Рывас, а таксама мігранты Мбакэ з Сенегала, Халід Алад з Марока і Талія Хаана Сальдарыяга Дыяга з Калумбіі.
Позірк блізкасці здольны пераадолець унутраныя бар'еры
Звяртаючыся да прысутных, Леў XIV адзначыў адкрытасць горада Сан-Крыстабаль-дэ-ла-Лагуна, які гістарычна вядомы тым, што не мае муроў. Сапраўдныя перашкоды, паводле слоў Папы, часта хаваюцца не ў камені, а ў чалавечым страху ці абыякавасці. Пантыфік падкрэсліў, што Касцёл пакліканы вучыцца новай мове блізкасці, якая выяўляецца ў канкрэтных учынках і дотыку да ран тых, хто пакутуе, падобна таму, як апостал Тамаш дакранаўся да цела Уваскрослага Хрыста.
Святы Айцец патлумачыў, што сапраўдная інтэграцыя – гэта заўсёды двухбаковы працэс. "Інтэграваць не азначае сціраць гісторыю таго, хто прыбывае, або патрабаваць ад яго пакінуць мінулае", - сказаў Папа, дадаўшы, што гэта супольны шлях, дзе новапрыбылы вучыцца жыць на новай зямлі, а супольнасць пашырае свой дом без страты ўласнай ідэнтычнасці.
Пантыфік выказаў глыбокую ўдзячнасць дыяцэзіяльнай "Caritas", дэлегацыі па міграцыі, парафіям і грамадскім ініцыятывам, якія дапамагаюць мігрантам не проста атрымаць першую дапамогу, але і будаваць будучыню, каб яны самі маглі станавіцца мостам для іншых людзей.
Заклік спыніць гандаль чалавечымі пакутамі
Папа звярнуў увагу на трагедыю страчаных у моры жыццяў, а таксама на небяспеку "ціхага караблекрушэння" пасля прыбыцця, калі чалавек застаецца адзін, без сувязяў, мовы і працы.
Леў XIV скіраваў суровы заклік да тых, хто нажываецца на роспачы бедных, арганізуе небяспечныя маршруты і эксплуатуе працу мігрантаў: "Спыніцеся! Пакайцеся!". Ён нагадаў, што такія дзеянні сустрэнуць чаканы адказ перад Божым правасуддзем, бо грошы, заробленыя на чужых пакутах, не прынясуць шчасця.
На заканчэнне Пантыфік даручыў усіх мігрантаў апецы Святой Сям'і з Назарэта. Пасля благаслаўлення Папа накіраваўся ў Біскупскі дом, дзе па дарозе вітаў людзей. Затым з балкона Біскупскага дома Леў XIV благаславіў мясцовых вернікаў.
