Пошук

Леў XIV падчас аўдыенцыі для прадстаўнікоў яўрэйскага дабрачыннага фонду з Нью-Ёрка Леў XIV падчас аўдыенцыі для прадстаўнікоў яўрэйскага дабрачыннага фонду з Нью-Ёрка   (@Vatican Media)

Леў XIV прыняў у Ватыкане яўрэйскую дэлегацыю з Нью-Ёрка

Леў XIV прыняў у Ватыкане прадстаўнікоў яўрэйскага дабрачыннага фонду з Нью-Ёрка – “United Jewish Appeal”, адзначыўшы іх працу ў сферы дапамогі патрабуючым і развіцця дыялогу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас сустрэчы, якая прайшла 15 чэрвеня 2026 года, Пантыфік выказаў шчырую радасць з нагоды візіту прадстаўнікоў гэтай глабальнай філантрапічнай структуры.

Святы Айцец падкрэсліў, што яна з’яўляецца дзейсным інструментам дапамогі ўразлівым прадстаўнікам грамадства, апякуючыся беднымі, бежанцамі, пажылымі людзьмі і асобамі з інваліднасцю ў Нью-Ёрку, Дзяржаве Ізраіль і больш чым 70 іншых краінах. Гэтыя намаганні сведчаць аб выразным прызнанні чалавечай годнасці і братэрства, што цалкам сугучна з прыхільнасцю Касцёла да цэласнага развіцця чалавека і заклікам любіць свайго бліжняга.

Супольная памяць як падмурак для будучыні

Папа нагадаў, што гэтая супольная прыхільнасць набывае асаблівае значэнне ў святле сумеснай гісторыі. 66 гадоў таму дэлегацыю арганізацыі прыняў Папа Ян XXIII, які прамовіў тады простыя, але глыбокія словы: "Я – Юзаф, ваш брат". Гэты крок пацвердзіў супольную чалавечую годнасць і адзіную духоўную спадчыну ў Абрагаме, Ісааку, Якубе і Юзафе.

Агульнае фота з амерыканскай яўрэйскай дэлегацыяй
Агульнае фота з амерыканскай яўрэйскай дэлегацыяй   (@Vatican Media)

Тагачасныя сустрэчы заклалі аснову для адмысловага Трактату, які вызначыў новыя адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і юдаізмам. Дакумент стаў, па словах Льва XIV, "сэрцам і генератыўным ядром" гістарычнай дэкларацыі Другога Ватыканскага Сабора "Nostra Aetate". Яна адкрыла новы гарызонт сустрэчы, павагі і духоўнай гасціннасці паміж рэлігіямі.

Паводле слоў Пантыфіка, пасаджанае тады зерне надзеі вырасла ў магутнае дрэва, якое дае прытулак і прыносіць багатыя плёны разумення, сяброўства, супрацоўніцтва і міру. "Nostra Aetate" рашуча выступіла супраць антысемітызму і абвясціла, што Касцёл адхіляе любыя формы дыскрымінацыі ці пераследу па прыкмеце расы, колеру скуры, умоў жыцця або рэлігіі. У сучасным свеце, параненым падзеламі і канфліктамі, гэты заклік дапамагае пераадольваць мінулыя непаразумеменні дзеля супольнай працы на карысць агульнага дабра.

Служэнне патрабуючым як шлях да сакральнага

Святы Айцец працытаваў сваю адгартацыю "Dilexi Te" і нагадаў, што "любоў – гэта перш за ўсё погляд на жыццё і спосаб яго пражывання". Служэнне бедным і пакінутым на ўзбочыне грамадства становіцца спосабам сустрэчы з сакральным, бо праз іх Божы голас працягвае прамаўляць да нас.

Пантыфік працытаваў прарока Ісаю, які заклікаў дзяліцца хлебам з галоднымі, каб святло Бога прарывалася, як світанак. Гэтае святло запрашае ўбачыць у клопаце пра бездапаможных шлях, які адкрывае сэрцы і абнаўляе грамадства. Папа падзякаваў гасцям за мужнае змаганне з нянавісцю і нецярпімасцю і запэўніў у малітоўнай падтрымцы іх місіі.
 

15 чэрвеня 2026, 11:21