Леў XIV заклікаў Брацтва святога Пія X адмовіцца ад схізмы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У Ватыкане 30 чэрвеня 2026 года быў апублікаваны зварот Пантыфіка да Брацтва святога Пія X. Дакумент, падпісаны Львом XIV 29 чэрвеня 2026 года ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, скіраваны не толькі да кіраўніцтва, але і да іерархаў, святароў, семінарыстаў і вернікаў, звязаных з гэтай супольнасцю.
Папа адзначыў, што Касцёл прызнае іх глыбокую прывязанасць да літургічнага жыцця, адданасць справе святарскай фармацыі, апостальскую руплівасць і жаданне вернасці Традыцыі. Гэтыя станоўчыя рысы, як тлумачыцца ў пасланні, заўсёды пабуджалі ранейшых Пантыфікаў праяўляць да супольнасці асаблівую зычлівасць і ўвагу.
Крок да супольнага будучага патрабуе шчырага дыялогу і павагі да касцельнага права
Цяперашняму лісту Святога Айца папярэднічалі працяглыя спробы ўрэгуляваць сітуацыю. Яшчэ 5 лютага 2026 года Апостальская Сталіца прапанавала Брацтву новы этап тэалагічнага дыялогу і ініцыявала асабістыя размовы прэфекта Дыкастэрыі веравучэння з кіраўніцтвам супольнасці, каб разам знайсці выхад з крызісу.
Аднак намер традыцыяналістаў пасвяціць новых біскупаў без згоды Папы вымусіў Святы Пасад дзейнічаць больш рашуча. Ужо 12 лютага 2026 года прэфект Дыкастэрыі, кардынал Віктар Мануэль Фернандэс, выступіў з афіцыйнай заявай, падкрэсліўшы нязменнасць дысцыплінарнай пазіцыі Святога Пасада. Спасылаючыся на дакумент "Ecclesia Dei" святога Яна Паўла II, кардынал папярэдзіў, што такі крок стане актам расколу і прывядзе да аўтаматычнай экскамунікі ўсіх удзельнікаў.
У сваім цяперашнім звароце Леў XIV заклікае кіраўніцтва супольнасці перагледзець свае планы і падумаць пра духоўнае дабро людзей. Наступнік Пятра папярэджвае, што схізматычны акт пазбавіць вернікаў магчымасці дазволенага, а ў некаторых выпадках нават сапраўднага прыняцця сакрамэнтаў, якія яны любяць і шукаюць для свайго асвячэння.
"Прашу вас і малю ад усяго сэрца: вярніцеся!" - звяртаецца Пантыфік да ксяндза Пальярані. Пры гэтым Святы Айцец падкрэслівае, што Касцёл па-ранейшаму застаецца адкрытым для шляху супольнага дыялогу і паразумення, які Святы Дух здольны зрабіць плённым.
Разрыў касцельнага адзінства – грэх, які пакідае месца толькі для малітвы і надзеі
Спробу разарваць суцэльнавытканую туніку Хрыста Папа вызначае як правіну надзвычайнай цяжкасці. Са смуткам у сэрцы, але з невычэрпнай надзеяй Наступнік Пятра лічыць сваім абавязкам заклікаць супольнасць адмовіцца ад небяспечнага праекта. "Няхай Пан асветліць ваша сумленне і абудзіць вашыя сэрцы", - звяртаецца ён.
Свае малітвы аб захаванні адзінства Касцёла Святы Айцец даручае Беззаганнаму Сэрцу Марыі, Маці Добрай Рады.
