Пошук

Леў XIV падчас Літургіі гадзін у катэдры Барселоны Леў XIV падчас Літургіі гадзін у катэдры Барселоны 

Папа ў катэдры Барселоны: каталонцы – будаўнікі еднасці

Падчас апостальскага падарожжа ў Іспанію Леў XIV узначаліў Малітву апоўдні ў катэдры Барселоны і заклікаў вернікаў заставацца прарокамі еднасці і міру ў падзеленым свеце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

9 чэрвеня 2026 года Папа наведаў катэдру Святога Крыжа і Святой Эўлаліі ў Барселоне. Пры ўваходзе ў святыню Наступніка Пятра сустрэлі арцыбіскуп-мітрапаліт Барселоны кардынал Хуан Хасэ Амелья-і-Амелья і дэкан храма, які паднёс Пантыфіку крыж і асвечаную ваду.

Пасля хвіліны малітоўнага засяроджання перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам у бакавой капліцы Святы Айцец прайшоў у цэнтральную наву для супольнай малітвы Літургіяй гадзін. Славутая гатычная базіліка, узведзеная паміж ХІІІ і ХV стагоддзямі, сустрэла Пантыфіка спевам хору.

Падчас Літургііі гадзін з удзелам Папы ў катэдры Барселоны
Падчас Літургііі гадзін з удзелам Папы ў катэдры Барселоны   (@Vatican Media)

У сваім казанні Святы Айцец засяродзіўся на сутнасці касцельнага суіснавання, выкарыстоўваючы вобраз Хрыстовага Цела, дзе кожны выконвае сваю ролю. Папа падкрэсліў, што супольнае служэнне і супрацоўніцтва для хрысціян – гэта не проста выбар стылю, а "фізіялагічная патрэба", заснаваная на Божай ласцы.

Сапраўднае братэрства нараджаецца тады, калі супольнасць дазваляе Богу любіць сябе. "Толькі той, хто дазваляе Богу любіць сябе, можа будаваць разам з іншымі справы любові", - адзначыў Папа, заклікаўшы развіваць у Касцёле сямейны клімат, здольны да міласэрнасці, узаемнай увагі і прабачэння.

Падчас Літургііі гадзін з удзелам Папы ў катэдры Барселоны
Падчас Літургііі гадзін з удзелам Папы ў катэдры Барселоны   (@Vatican Media)

Пантыфік нагадаў, што жыхары Барселоны як галоўнага горада Каталоніі маюць "асаблівую адказнасць заставацца будаўнікамі еднасці" па-за ўсялякай палярызацыяй. У сучасным грамадстве, якое становіцца ўсё больш і больш раздробленым і індывідуалістычным, хрысціяне закліканы праяўляць адвагу і сведчыць пра вышэйшыя каштоўнасці.

Папа заклікаў вернікаў адмовіцца ад усяго другаснага дзеля таго, што трывае вечна, заставацца сведкамі і прарокамі адзінства, гасціннасці, згоды і міру, нават коштам ахвяр і адрачэнняў.

Падчас візіту Папы ў катэдру Барселоны
Падчас візіту Папы ў катэдру Барселоны   (@Vatican Media)

Завяршаючы казанне, Леў XIV даручыў місію мясцовага Касцёла заступніцтву Маці Божай, прамовіўшы традыцыйны зварот: "Santa Maria de la Mercè, pregueu per nosaltres".

Пасля благаслаўлення Пантыфік накіраваўся ў крыпту XIV стагоддзя, каб памаліцца каля магілы нябеснай заступніцы горада – святой Эўлаліі. Перад тым як пешшу перайсці ў арцыбіскупскі дом, Папа зрабіў памятнае фота з семінарыстамі, наведаў унутраны дворык базілікі са знакамітай крыніцай гусей і прывітаў чальцоў капітула і прадстаўнікоў мясцовых улад.
 

09 чэрвеня 2026, 13:30