Леў ХІV завяршыў візіт у Іспанію Імшой у Санта-Крус-дэ-Тэнэрыфэ

Леў ХІV узначаліў святую Імшу ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў порце Санта-Крус-дэ-Тэнэрыфэ, якая сабрала каля 80 тысяч вернікаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа цэлебраваў Імшу на Канарскіх астравах у фінальны дзень свайго апостальскага падарожжа ў Іспанію, якое праходзіла з 6 па 12 чэрвеня 2026 года.

У пятніцу, 12 чэрвеня 2026 года, Святы Айцец звярнуўся да прысутных з гаміліяй падчас урачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Літургія праходзіла ў порце Санта-Крус-дэ-Тэнэрыфэ, стаўшы важным завяршальным акцэнтам візіту Пантыфіка.

Леў XIV адзначыў, што Сэрца Езуса адкрываецца для вернікаў як сэрца самой гісторыі. Ён выказаў удзячнасць за сведчанні веры і міласэрнасці, якія ён пабачыў і адчуў падчас падарожжа. Звяртаючыся да геаграфічнага становішча Канарскіх астравоў, Папа нагадаў, што чалавек народжаны для сустрэчы і ніхто не з’яўляецца адзінокім востравам.

Заклік да гасціннасці і небяспека прагматызму

Гледзячы на турыстычны характар Тэнэрыфэ, Святы Айцец заклікаў мясцовых жыхароў і гасцей не зводзіць усё да камерцыі і прыбытку. Ён нагадаў словы Папы Францішка з энцыклікі "Laudato si’" пра паспешнасць, якая спараджае глыбокі дысбаланс і шкодзіць навакольнаму асяроддзю.

Звяртаючыся да сваёй энцыклікі "Magnifica humanitas", Папа падкрэсліў, што чалавек можа знайсці сваю паўнату толькі ў шчырым дары самога сябе, вучачыся цаніць кожную асобу і самыя простыя рэчы.

Мудрасць бедных на міграцыйных маршрутах

Асаблівае месца ў гаміліі заняла тэма міграцыі, бо Канарскія астравы знаходзяцца ў цэнтры маршрутаў, застаючыся месцам першага прыёму для людзей, чый шлях напоўнены небяспекай і насіллем.

Леў XIV звярнуўся да сваёй апостальскай адгартацыі "Dilexi te", заклікаўшы хрысціян дазволіць бедным евангелізаваць сябе і прызнаць Божую мудрасць, напісаную на іх целе. Ён адзначыў, што досвед бедных, якія навучыліся выжываць у экстрэмальных умовах і спадзявацца на Бога, дапамагае іншым людзям пераадолець уласныя скаргі і спрасціць жыццё.

На заканчэнне гаміліі Леў XIV заклікаў вернікаў быць уважлівымі да падлеткаў, моладзі, багатых і бедных, мясцовых жыхароў і гасцей вострава, паколькі кожны з іх мае патрэбу ў глыбокім поглядзе, які бачыць далей за знешнасць.

Цытуючы Першае пасланне апостала Яна "Бог ёсць любоў, і хто застаецца ў любові, той застаецца ў Богу, і Бог у ім", Святы Айцец заахвоціў усю супольнасць Тэнэрыфэ адкрыць для свету гэтае мора любові і жыць не толькі для сябе.
 

12 чэрвеня 2026, 14:53