Леў XIV падчас размовы з прадстаўнікамі масмедыя ў Кастэль-Гандольфа Леў XIV падчас размовы з прадстаўнікамі масмедыя ў Кастэль-Гандольфа  (REUTERS)

Леў XIV у Кастэль-Гандольфа пра еднасць Касцёла і мір у свеце

Леў XIV у Кастэль-Гандольфа адказаў на пытанні журналістаў пра вынікі візіту ў Іспанію, праблему міграцыі, пагадненне паміж Злучанымі Штатамі Амерыкі і Іранам і пагрозах еднасці ў Касцёле.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

16 чэрвеня 2026 года Папа сустрэўся з прадстаўнікамі масмедыя каля вілы Барберыні ў Кастэль-Гандольфа, дзе праводзіў час у працы і адпачынку. Нягледзячы на моцны вецер і набліжэнне дажджу, Пантыфік падышоў да карэспандэнтаў, каб адказаць на іх пытанні.

Святы Айцец падзяліўся радасцю ад нядаўняга апостальскага візіту ў Іспанію, які праходзіў з 6 па 12 чэрвеня 2026 года. "Гэта было нешта цудоўнае", - падкрэсліў Папа, адзначаючы гарачы водгук вернікаў і сумесную працу біскупаў, свецкіх і валанцёраў. Каментуючы складаную мясцовую палітычную сітуацыю, ён заклікаў бакі да дыялогу, узаемнага слухання і павагі да чалавечай годнасці.

Папа пры выхадзе з вілы Барберыні ў Кастэль-Гандольфа
Папа пры выхадзе з вілы Барберыні ў Кастэль-Гандольфа   (REUTERS)

Асобную ўвагу Леў XIV звярнуў на праблему міграцыі і рэміграцыі пасля ўступлення ў сілу Пакта Еўрапейскага Саюза аб міграцыі. Ён заклікаў памятаць пра насілле і канфлікты, якія вымушаюць бежанцаў пакідаць краіны. На думку Папы, намер выслаць людзей, каб проста зняць з сябе адказнасць, супярэчыць маралі. "Трэба па-сапраўднаму паважаць людзей, разглядаць асобныя выпадкі і ставіцца да іх як да чалавека", - настойвае ён.

Шлях да міру патрабуе адказнага дыялогу як на сусветнай арэне, так і ўнутры касцельнай супольнасці.

Закранаючы тэму міжнароднай палітыкі, Леў XIV згадаў сустрэчу лідараў краін Вялікай сямёркі ў Эвіяне і пагадненне паміж Злучанымі Штатамі Амерыкі і Іранам, вядомае як "Мемарандум Ісламабада". Ён выказаў надзею, што падпісанне гэтага дакумента пры пасрэдніцтве Пакістана спыніць ваенныя дзеянні.

"Лепш заўсёды рабіць гэта праз дыялог, праз перамовы, а не вяртаючыся да вайны", - заўважыў Папа. Ён заклікаў да поўнай ліквідацыі ядзернай зброі і вырашэння сацыяльна-эканамічных праблем дзеля мірнага існавання ўсіх народаў.

Гаворачы пра ўнутранае жыццё Касцёла, Святы Айцец падзяліўся болем з прычыны пагрозы схізмы з боку Брацтва святога Пія X, якое плануе правесці біскупскія пасвячэнні без папскага мандата. Дыкастэрыя веравучэння ўжо накіроўвала папярэджанні, і Леў XIV рыхтуе новы заклік да захавання камуніі. "Калі яны зробяць такі выбар, мне вельмі шкада, але мы павінны ісці naперад", - падсумаваў Наступнік Пятра.

Падчас размовы з журналістамі
Падчас размовы з журналістамі

Напрыканцы размовы Папа адказаў на асабістае пытанне пра летні адпачынак. Гэты час у Кастэль-Гандольфа ён плануе прысвяціць чытанню, разважанню і падрыхтоўцы да далейшай працы. На пытанне журналістаў, ці ўдасца яму па-сапраўднаму адпачыць, Леў XIV з усмешкай адказаў: "Спадзяемся!".

Журналісты таксама спыталі пра магчымыя будучыя апостальскія візіты ў Мексіку, а таксама ў Перу, дзе Пантыфік служыў місіянерам больш за дваццаць гадоў. Пра перспектыву гэтых падарожжаў Святы Айцец адказаў коратка: "Паглядзім".
 

17 чэрвеня 2026, 09:51