Візіт у Іспанію: Папа адказаў на пытанні аб веры і спачуванні
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У сераду, 10 чэрвеня 2026 года, Святы Айцец у межах свайго апостальскага падарожжа наведаў касцёл святога Аўгусціна ў Барселоне, дзе прайшла яго сустрэча з прадстаўнікамі дыяцэзіяльных дабрачынных і сацыяльных структур.
Пасля кранальных сведчанняў пра працу з людзьмі, якія пакутуюць ад залежнасцей, і ахвярамі гандлю жанчынамі, Святы Айцец звярнуўся да прысутных з прамовай, узяўшы за аснову ліст мясцовага верніка па імені Рэнса.
Справядлівыя правілы супольнага жыцця і сяброўства з Хрыстом
Адказваючы на пытанне пра спорт, Леў XIV прызнаўся, што сам любіць тэніс, але высока цэніць і футбол, за якім сачыў яшчэ падчас свайго біскупскага служэння ў Перу.
Спасылаючыся на чэмпіянат свету, які пачынаецца заўтра, Пантыфік заўважыў, што спорт нагадвае пра важнасць супольнага шляху: "Хто не ўмее аддаць пас, нават калі мае талент, той яшчэ не зразумеў гульні. І хто не ўмее жыць з іншымі і для іншых, той яшчэ не зразумеў жыцця".
Леў XIV дадаў, што ў дзяцінстве не думаў пра маштабныя пасады, але заўсёды хацеў прысвяціць жыццё Богу, што пасля прывяло яго ў Ордэн святога Аўгустына. На думку Святога Айца, самае важнае для кожнага маладога чалавека – гэта быць сябрам Езуса.
Разважаючы над складаным пытаннем, чаму з людзьмі здараюцца няшчасці, Папа заклікаў паглядзець на Хрыста, Які рабіў дабро, але быў укрыжаваны і ўваскрос, перамогшы зло і паказаўшы, што Бог ніколі не пакідае Сваіх дзяцей.
Пантыфік таксама звярнуў увагу на ролю старэйшага пакалення ў сям'і: "Дзядулі і бабулі вельмі важныя ў жыцці сем'яў. Яны ніколі не павінны заставацца адны".
Закранаючы тэму хрысціянскага прабачэння, Леў XIV патлумачыў, што яно павінна быць бязмежным, бо гэта адзіны шлях да супакою: "Прабачыць не азначае сказаць, што зло было дабром, ці дазволіць камусьці працягваць наносіць шкоду. Гэта не азначае забыцца сілай, нібыта нічога не адбылося. Прабачыць азначае не дазволіць нянавісці стаць гаспадаром нашага сэрца"`.
Пакліканне да міласэрнасці і абарона чалавечай годнасці
Святы Айцец падкрэсліў, што знаходжанне ў гэтай святыні адкрывае сэрцы вернікаў на праўду, якую паказваў святы Аўгустын: быць хрысціянінам – гэта найперш дар і ласка. Маючы падмуркам Хрыста, Касцёл закліканы ісці насустрач кожнаму, бо ў кожным браце і сястры, якія пакутуюць, вернікі сустракаюць самога Пана.
Евангельская любоў павінна заставацца асновай жыцця кожнай дыяцэзіяльнай супольнасці, якая заклікана з далікатнасцю і трываласцю падыходзіць да ран самых бедных і безабаронных, пераадольваючы абыякавасць сучаснага свету, дзе часта губляецца пачуццё чалавечай годнасці.
Напрыканцы Пантыфік нагадаў, што неад'емная годнасць асобы паходзіць ад таго, што чалавек створаны па вобразе Божым, і яна не залежыць ад багацця ці ролі ў грамадстве.
Заклікаўшы дабрачынныя арганізацыі працягваць сваё ахвярнае служэнне ў еднасці з пастырамі, Леў XIV заахвоціў іх быць праўдзівымі сведкамі надзеі для тых, хто акрамя матэрыяльнай дапамогі патрабуе Бога, Яго слова і сакрамэнтаў.
Папа даверыў гэтую працу заступніцтву Маці Божай Добрай Рады, удзяліў апостальскае благаслаўленне і асабіста павітаў некаторых супрацоўнікаў дабрачынных структур.
