Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец у верасні наведае Парыж, Лурд і Мец

Канферэнцыя Біскупаў Францыі апублікавала расклад галоўных сустрэч падчас апостальскага падарожжа Льва XIV, якое пройдзе з 25 па 28 верасня 2026 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падрыхтоўка да маштабнага вераснёўскага візіту Папы ўступае ў афіцыйную фазу. Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Францыі, арцыбіскуп Марсэля кардынал Жан-Марк Авелін 9 чэрвеня 2026 года абвясціў асноўныя пункты праграмы будучыні сустрэч.

Расклад прызначаны ў згодзе з апостальскім нунцыем, пакуль Касцёл чакае публікацыі поўнага тэксту праграмы ад Святога Пасада. Паведамленне пра намер Пантыфіка наведаць краіну і сядзібу ЮНЕСКА з’явілася яшчэ 16 мая 2026 года, пасля чаго пачаў дзейнічаць адмысловы каардынацыйны камітэт.

Кардынал Авелін прызнаўся, што Пантыфік згадзіўся на візіт без ваганняў, бо вельмі шануе місійную сілу, ролю ў свеце і багатую духоўную гісторыю Францыю, а першы праект вераснёўскай праграмы паўстаў пры яго непасрэдным удзеле яшчэ ў красавіку 2026 года.

У пятніцу, 25 верасня 2026 года, у другой палове дня пройдуць урачыстыя Нешпары ў саборы “Нотр-Дам” у Парыжы. На набажэнства запрошаны святары, пастаянныя дыяканы, кансэкраваныя асобы, манахі і манахіні, а таксама семінарысты з усёй краіны. Галоўнай вечаровай падзеяй гэтага дня стане вялікая малітоўная сустрэча з каталіцкай моладдзю Францыі.

На наступны дзень, у суботу 26 верасня 2026 года, Святы Айцец узначаліць урачыстую святую Імшу пад адкрытым небам у Парыжы.

У нядзелю 27 верасня 2026 года ў другой палове дня Леў XIV наведае Лурд, дзе ўзначаліць Імшу на лугу насупраць знакамітага Грота. На заканчэнне чатырохдзённага падарожжа, у панядзелак 28 верасня 2026 года, Наступнік Пятра будзе цэлебраваць Эўхарыстыю ў катэдры святога Стэфана ў Мецы.

Арганізатары абяцаюць хутка даць практычную інфармацыю для ўдзельнікаў папскіх мерапрыемстваў, аднак кардынал Жан-Марк Авелін заклікаў вернікаў скіраваць увагу найперш на духоўны вымярэнне падзеі: "Мы павінны падрыхтавацца да прыняцця ласкі, якую Бог хоча падарыць Францыі і нашаму Касцёлу".

Старшыня епіскапату заклікаў даверыць малітве кожны арганізацыйны этап, каб унутраная адкрытасць і місійная адвага дапамаглі сэрцам людзей прыняць плёны працы Духа Святога падчас гэтага гістарычнага візіту.

Французскія біскупы звяртаюць асаблівую ўвагу на тое, што абвешчаны пералік сустрэч яшчэ не з’яўляецца поўнай і канчатковай праграмай апостальскага візіту Святога Айца. Публікацыя поўнага варыянту праграмы гэтых дзён застаецца выключным правам Святога Пасада, афіцыйнага паведамлення якога цяпер чакаюць у Францыі.
 

10 чэрвеня 2026, 08:36