Святы Айцец сустрэўся з генеральным дырэктарам ЮНЕСКА
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пасля размовы з Папам гендырэктар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры сустрэўся з Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці кардыналам П’етра Паралінам, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.
У ходзе цёплых перамоў у Дзяржаўным сакратарыяце бакі падкрэслілі добрыя адносіны паміж Святым Пасадам і ЮНЕСКА, адзначыўшы, што Пантыфік плануе наведаць штаб-кватэру гэтай арганізацыі ў верасні 2026 года ў межах свайго апостальскага падарожжа ў Францыю.
Асаблівая ўвага была нададзена неабходнасці спрыяць усебаковаму развіццю чалавечай асобы з дапамогай адукацыі. Гаворка таксама ішла пра магчымасці і выклікі, якія ўзнікаюць у сувязі з распаўсюджваннем штучнага інтэлекту.
У ходзе размовы была пацверджана важнасць адукацыі для садзейнічання міжкультурнаму дыялогу, які бакі разглядаюць як найважнейшы сродак умацавання міру. Суразмоўцы пацвердзілі таксама важнасць абароны сусветнай культурнай спадчыны.
