Пошук

Папа: адказам на дэгуманізацыю павінна стаць цывілізацыя любові

Леў XIV папярэдзіў пра небяспеку духоўнай і культурнай слепаты, якая праяўляецца ў імкненні адарвацца ад гістарычнай спадчыны і будаваць будучыню без сувязі з мінулым. На яго думку, гістарычны нігілізм спараджае ілюзію таго, што зверствы ХХ стагоддзя больш ніколі не паўторацца.

Марыя Валодзіна - Vatican News

19 чэрвеня 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў сустрэчы “Дыялогі ў мястэчку “Laudato si'”, якая цягам двух дзён праходзіла ў Кастэль-Гандольфа. Форум паклаў пачатак працэсу абнаўлення і пераасэнсавання маральнага лідарства ў раздробленым свеце, які забываецца на свае гістарычныя карані.

Удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі пытанні штучнага інтэлекту і яго ўзаемасувязі з чалавекам, старэння і актыўнага даўгалецця, спорту і дыпламатыі, а таксама будучыню ўстойлівага развіцця. Гэтыя пытанні хвалююць і Касцёл, - адзначыў Папа, нагадаўшы, што ў энцыкліцы “Magnifica humanitas” ён заклікаў весці дыялог з людзьмі нашага часу, каб разам шукаць новыя шляхі служэння агульнаму дабру і годнаму жыццю для ўсіх.

Пантыфік папярэдзіў пра небяспеку духоўнай і культурнай слепаты, якая праяўляецца ў імкненні адарвацца ад гістарычнай спадчыны і будаваць будучыню без сувязі з мінулым. Нават тыя, хто спасылаецца на важныя маральныя прынцыпы, не застрахаваныя ад гістарычнага нігілізму і памылковага пераканання ў тым, што зверствы ХХ стагоддзя больш ніколі не паўторацца, - сказаў ён.

Святы Айцец заўважыў, што чалавецтва сёння сутыкаецца са спакусай пабудаваць новую Вавілонскую вежу, якая сімвалізуе культ прыбытку за кошт найбольш безабаронных і ўзмацняе рызыку дэгуманізацыі. У адказ на гэты выклік ён заклікаў будаваць Новы Іерусалім – цывілізацыю любові, у якой любоў з’яўляецца адзіным кіруючым прынцыпам эканамічнага, палітычнага і культурнага жыцця. Такая цывілізацыя не ўзнікне дзякуючы аднаму маштабнаму жэсту, але будзе вынікам сукупнасці невялікіх і паслядоўных учынкаў вернасці, якія служаць аплотам супраць дэгуманізацыі, - падкрэсліў Папа.

Леў XIV падзякаваў гасцям за адкрытасць і гатоўнасць удзельнічаць у гэтым працэсе, благаславіў іх намаганні і заклікаў на іх ласку быць пакорнымі будаўнікамі Новага Іерусаліма – Божага горада, які нясе людзям жывую ваду, клопат, прызнанне, добрыя словы і ласкавыя рукі.

19 чэрвеня 2026, 10:47