Пошук

Папа: Бог даў нам розум, каб вырашаць канфлікты як людзі, а не як звяры

Творца надзяліў нас розумам і воляй, каб вырашаць канфлікты як чалавечыя істоты, а не як дзікія звяры, няхай і ўзброеныя гіпертэхналагічнай зброяй, - сказаў Пантыфік падчас святой Імшы з калегіяй кардыналаў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

26 чэрвеня 2026 года ў Ватыкане распачаўся надзвычайны кансісторый з удзелам Льва XIV і калегіі кардыналаў. З гэтай нагоды раніцай у Базіліцы святога Пятра адбылася Святая Імша, якую ўзначаліў Пантыфік.

Адзінства Касцёла ў Хрысце

Звяртаючыся да кардыналаў, якія сабраліся ля алтара Пана і магілы святога Пятра, каб распачаць кансісторый, Святы Айцец падкрэсліў, што яны прыбылі з розных краін свету, каб разам з сваім жыццём прысвяціць Богу свае супольнасці і народы, пастырскія праекты, радасці і трывогі.

Па словах Папы, разнастайнасць пачуццяў і думак кардыналаў аб’ядноўваецца ў Хрысце, як у сапраўднай вінаграднай лазе (пар. Ян 15, 1). Праз Езуса ласка і праўда струменяць у іх жыццё, як жыватворны сок у галіны. З аднаго боку, Настаўнік кажа: “Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас”, “бо без Мяне нічога не можаце зрабіць” (пар. Ян 15, 5), з другога боку, жадае, каб Ягоныя вучні прыносілі багаты плён, - адзначыў Леў XIV.

Знамянальна, што Кансісторый адбываецца напярэдадні ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла – стаўпоў Каталіцкага Касцёла, місіянераў-мучанікаў, якія сведчылі Евангелле сваім жыццём, - заўважыў Папа.

Спасылаючыся на словы святога Паўла (1 Кар 12, 4–7) і іх сугучнасць з евангельскім урыўкам пра вінаградную лазу, Пантыфік адзначыў, што ўсе харызмы і служэнні ў Касцёле, як галіны адной лазы, паходзяць ад аднаго Пана, а іх арганічнаму адзінству адпавядае крытэрый агульнага дабра.

Сапраўдная свабода дасягаецца праз веру

Святы Айцец прапанаваў кардыналам паразважаць у гэтыя дні над некалькімі думкамі.

Па-першае, прыклад святых Пятра і Паўла заахвочвае вучыць сапраўднай свабодзе праз веру. Адносіны з Езусам вызваляюць ад граху і страху. Вера дае Касцёлу жыццё, бо адпавядае той ласцы, якая корміць галіны адной лазы. Жывы Касцёл, які верыць, дзякуючы дару пралітага ў сэрцы Святога Духа, прыносіць шмат плёну, - сказаў Папа, заахвочваючы кардыналаў з запалам сведчыць пра веру Касцёла і абвяшчаць збаўленне Хрыста ўсім народам (пар. Пс 96, 2–3).

Мір як абавязак адзінай чалавечай сям'і

“Па-другое, просім аб дары міру ў адзінстве”, - зазначыў Пантыфік. Міжнародная напружанасць, войны і канфлікты глыбока раняць чалавечую сям’ю, але імкненне да чалавечай годнасці, справядлівасці, права і чалавечнасці дае надзею, бо сведчыць пра прыгажосць справы Бога, які стварыў нас па Сваім вобразе і падабенстве. “Творца надзяліў нас розумам і воляй, каб вырашаць канфлікты як чалавечыя істоты, а не як дзікія звяры, няхай і ўзброеныя гіпертэхналагічнай зброяй”, - сцвердзіў Леў XIV.

Мы – адна чалавечая сям’я, і гэта не проста біялагічны факт, а этычны прынцып, - нагадаў Святы Айцец. Адзінства чалавечай сям’і вышэй за інтарэсы асобных народаў і дзяржаў. Мір з’яўляецца абавязкам справядлівасці, таму што мы – адна чалавечая сям’я, велічная humanitas, якая знаходзіць у Хрысце свайго Кіраўніка і Адкупіцеля.

Леў XIV заклікаў працягваць шлях, акрэслены святым Паўлам VI: будаваць “цывілізацыю любові”. Калі ён увёў гэты выраз, свет быў пазначаны халоднай вайной, гонкай узбраенняў і моцным эканамічным дысбалансам. Касцёл прапаноўваў альтэрнатыўны шлях – такі сацыяльны лад, у якім спалучаюцца справядлівасць і міласэрнасць.

Згода ў паслухмянасці Божаму слову

Па-трэцяе, Папа заклікаў да згоды ў паслухмянасці Божаму слову. Святы Дух вядзе Касцёл, указваючы на душпастырскія праблемы і магчымасці, ачышчаючы намеры і выпраўляючы тое, што аддаляе ад сумеснага шляху. Сінод Біскупаў заклікае Касцёл ісці разам: захоўваць адзінства ў веры, будаваць мір і жыць паводле Евангелля. Але свет вельмі хутка мяняецца, таму спрадвечныя праўды веры неабходна тлумачыць зразумелай людзям мовай. Хрыстус, як сапраўдная вінаградная лаза, адзін і той жа для ўсіх народаў. Яго Слова можа быць абвешчана на ўсіх мовах і ў любых культурах, якія хрысціяне перамяняюць знутры святлом Евангелля. І калі свецкія ідэалогіі з часам губляюць сваю сілу, Святы Дух у Касцёле дазваляе квітнець такім каштоўнасцям, як братэрская згода, міласэрнасць і місіянерскае жаданне несці Евангелле іншым.

Сінадальнасць і братэрства калегіі кардыналаў

Пантыфік назваў супрацоўніцтва калегіі кардыналаў “сінтэзам сінадальнасці” усяго народа Божага. Сінадальнасць і калегіяльнасць – гэта формы хрысціянскага братэрства, якое звязвае іх як ахрышчаных і як біскупаў. Ён падкрэсліў, што чакае ад кардыналаў дапамогі ў здзяйсненні яго служэння, а не проста паслухмянасці, і што ў ім яны знойдуць таго, хто слухае і вучыцца, а не толькі вучыць іншых і загадвае.

26 чэрвеня 2026, 12:20