Пошук

Папа: Касцёл павінен быць бяспечнай прасторай для дзяцей

Сустрэча з Хрыстом вядзе чалавека да жыцця, поўнага любові і свабоды, у той час як злоўжыванні наносяць глыбокія траўмы і перашкаджаюць духоўнаму і чалавечаму развіццю, - падкрэсліў Пантыфік падчас сустрэчы са спецыялістамі па абароне непаўналетніх.

Марыя Валодзіна - Vatican News

17 чэрвеня 2026 года ў Ватыкане адбылася аўдыенцыя Льва XIV для прадстаўнікоў Цэнтра даследаванняў і падрыхтоўкі ў галіне абароны непаўналетніх (CEPROME), якія прыбылі з розных краін Лацінскай Амерыкі. Святы Айцец падзякаваў гасцям за іх дзейнасць, накіраваную на тое, каб касцёльныя супольнасці былі бяспечным месцам для ўсіх, асабліва для дзяцей, падлеткаў і найбольш уразлівых.

Бяспечная прастора для сустрэчы з Хрыстом

Папа падкрэсліў, што сустрэча з Уваскрослым Хрыстом вядзе чалавека да навяртання, але для перажывання досведу Божай любові неабходна стварыць бяспечнае асяроддзе. Сустрэча з Хрыстом спрыяе жыццю, поўнаму любові і свабоды, тады як злоўжыванні дзейнічаюць дыяметральна супрацьлеглым чынам: пакідаюць глыбокія траўмы, якія абумоўліваюць і абмяжоўваюць духоўнае і чалавечае развіццё пацярпелых, - падкрэсліў Святы Айцец.

Адказнасць за абарону ўразлівых

Пантыфік нагадаў, што місія абароны непаўналетніх грунтуецца на словах самога Пана, Які папярэджваў пра недапушчальнасць спакушэння малых (пар. Мц 18,6). Ён распавёў пра сваю нядаўнюю размову з біскупамі Іспаніі пра боль ахвяр, якія пацярпелі ад тых, хто павінен быў клапаціцца пра іх. У такіх сітуацыях касцёльная супольнасць заклікана адказваць слуханнем, праўдай, справядлівасцю, кампенсацыяй, прафілактыкай і культурай клопату. Леў XIV адзначыў, што адказнасць за абарону непаўналетніх у першую чаргу ляжыць на пастырах Касцёла, аднак гэтая задача датычыць усіх вернікаў, а для некаторых нават стала прафесіяй.

Культура прафілактыкі і клопату

Папа заклікаў гасцей умацоўваць супрацоўніцтва паміж мясцовымі Касцёламі і грамадзянскімі ўстановамі, пашыраць культуру прафілактыкі і клопату пра найбольш уразлівых. Ён пажадаў, каб прастора Касцёла – як фізічная, так і віртуальная – была месцам плённай сустрэчы з Хрыстом, свабодным ад страху, падазрэнняў і недаверу.

17 чэрвеня 2026, 10:58