Пошук

Папа: Эўхарыстыя – дар жывой прысутнасці Хрыста сярод нас

Другі дзень апостальскага падарожжа Льва XIV у Іспанію распачаўся святой Імшой і працэсіяй Божага Цела, якія прайшлі на плошчы Сібелес у Мадрыдзе. У гаміліі ён нагадаў аб тым, што Эўхарыстыя – гэта сэрца хрысціянскай веры.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Святы Айцец прыбыў на плошчу Сібелес, дзе размешчана гарадская ратуша, на папамабілі, вітаючы тысячі вернікаў. Перад пачаткам Імшы ён падпісаў кнігу ганаровых гасцей і атрымаў з рук мэра Мадрыда залаты ключ ад горада ў знак павагі.

У літургіі ўдзельнічалі іспанскія манархі, прадстаўнікі ўлады, кардыналы, біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і вернікі з усёй краіны.

У гаміліі Папа нагадаў, што Эўхарыстыя – гэта дар жывой прысутнасці Хрыста сярод вернікаў. Гэтае ўсведамленне глыбока ўкаранёнае ў веры і гісторыі іспанскага народа. Урачыстасць Божага Цела ў Іспаніі – гэта не проста чарговая святочная дата ў літургічным календары, а шлях вяртання да сэрца хрысціянскай веры. Урачыстыя працэсіі, якія праходзяць у гэты дзень, на працягу стагоддзяў уплывалі на пабожнасць, мастацтва, музыку, архітэктуру і жыццё краіны. Вытанчаныя кветкавыя дываны, вулічныя алтары, прыгожыя манстранцыі, спевы і літургічнае адзенне – гэта не проста відовішча ці фальклорны рэлікт, а вызнанне веры ў прысутнасць Уваскрослага Пана.

Леў XIV падкрэсліў, што працэсія сведчыць аб тым, што Езус не застаецца ў сценах святыні, але выходзіць насустрач людзям, прысутнічае ў іх штодзённым жыцці. Хрыстус атаясамлівае Сябе з беднымі, прыгнечанымі, адзінокімі і пакінутымі. Невыпадкова Касцёл у Іспаніі адзначае Дзень міласэрнасці менавіта ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста.

Папа звярнуў увагу на небяспеку “камфортнай, прыватнай веры”, якая не вядзе да перамены жыцця. Ён заклікаў вернікаў да навяртання, змены погляду і прыняцця прысутнасці Хрыста, каб стаць будаўнікамі новага грамадства.

Пантыфік заахвоціў іспанцаў не абмяжоўваецца тужлівай настальгіяй па мінулых працэсіях Божага Цела, а жыць верай ў цяперашнім часе – у штодзённым жыцці, ва ўзаемаадносінах, у грамадстве і ў будаўніцтве будучыні. Рэлігійнасць, якая стагоддзямі вызначала Іспанію, не павінна стаць “музеем мінулага”, але мусіць заставацца жывой школай веры. Гэтая школа вучыць чалавека кленчыць перад Панам і паважаць бліжняга, а таксама прысвячаць сябе будаўніцтву агульнага дабра, - сказаў Святы Айцец.

Папа згадаў святога Мануэля Гансалеса, “біскупа пакінутага табэрнакулюма”, чыё жыццё нагадвае пра неабходнасць шанаваць Эўхарыстыю не толькі падчас вялікіх урачыстасцей, але і дзень пры дні. Ён таксама працытаваў паэтычныя радкі святога Яна ад Крыжа, які падчас зняволення ў Таледа ў 1578 годзе сведчыў пра прысутнасць Пана ў цемры сваёй камеры.

Святы Айцец заклікаў вернікаў адкрыцца на сустрэчу з Хрыстом, дазволіць Яму здаволіць смагу іх сэрцаў, каб потым яны маглі несці ў свет гэты струмень свежай вады, струмень любові, міру, справядлівасці і радасці. Эўхарыстычная ласка перамяняе чалавека і робіць яго знакам надзеі для іншых, - падкрэсліў Папа.

07 чэрвеня 2026, 11:56