Пошук

Кадр відэапаслання Папы да ўдзельнікаў X Аўстрыйскага сусветнага саміту Кадр відэапаслання Папы да ўдзельнікаў X Аўстрыйскага сусветнага саміту 

Леў XIV: без сацыяльнай справядлівасці экалагічны крызіс не вырашыць

Святы Айцец звярнуўся да ўдзельнікаў X Аўстрыйскага сусветнага саміту, заклікаўшы ў адказ на экалагічны крызіс развіваць культуру клопату і будаваць цывілізацыю любові.

Марыя Валодзіна - Vatican News

16 чэрвеня 2026 года Папа накіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў X Аўстрыйскага сусветнага саміту, прысвечанага пытанням устойлівага развіцця, інтэгральнай экалогіі і клопату пра Божае стварэнне. Ён нагадаў пра маральнае вымярэнне экалагічнага крызісу і заклікаў міжнародную супольнасць да больш рашучых дзеянняў дзеля абароны навакольнага асяроддзя.

Пантыфік адзначыў, што Касцёл на працягу многіх дзесяцігоддзяў звяртае ўвагу на праблемы экалогіі і разглядае іх як частку больш шырокага сацыяльна-эканамічнага крызісу. Па яго словах, экалагічныя выклікі немагчыма вырашыць выключна тэхнічнымі сродкамі без уліку этычных і сацыяльных аспектаў.

Вера ўзмацняе імкненне да абароны стварэння

Папа прапанаваў паразважаць над трыма хрысціянскімі цнотамі – верай, надзеяй і любоўю, якія, на яго думку, могуць дапамагчы працы саміту. Гаворачы пра веру, ён падкрэсліў, што клопат пра стварэнне з’яўляецца не другараднай задачай, а неад’емнай часткай хрысціянскага паклікання. Святы Айцец падкрэсліў, што вернікі многіх рэлігій успрымаюць стварэнне як дар Божы, а чалавечае жыццё – як святасць, якая патрабуе пашаны і абароны. “Такім чынам, можна сказаць, што вера ўзмацняе агульнае імкненне да абароны жыцця і клопату пра прыроду”, - заўважыў Папа.

Леў XIV спаслаўся на сваю новую энцыкліку “Magnifica humanitas”, у якой падкрэсліваецца роўная годнасць усіх людзей і значэнне асноўных правоў чалавека, якія гарантуюцца шляхам належнага ажыццяўлення прынцыпаў агульнага дабра, універсальнага прызначэння даброт, субсідыярнасці, салідарнасці і сацыяльнай справядлівасці. Ён заявіў, што без вырашэння гэтых найважнейшых сацыяльна-эканамічных праблем ніякія тэхнічныя рашэнні па абароне навакольнага асяроддзя не будуць мець шанцаў на поспех. Асаблівую ўвагу неабходна надаваць найбяднейшым слаям насельніцтва, якія наймацней пакутуюць ад дэградацыі навакольнага асяроддзя.

Надзея перамагае страх

Разважаючы пра надзею, Пантыфік адзначыў, што глабальны характар экалагічных праблем выклікае занепакоенасць ва ўсім свеце. Ён звярнуў увагу на тое, што міру ўсё больш пагражаюць непавага да стварэння, разрабаванне прыродных рэсурсаў і зніжэнне якасці жыцця з-за змены клімату. Для пераадолення гэтых выклікаў неабходныя міжнароднае супрацоўніцтва і шматбаковы падыход да пошуку эфектыўных рашэнняў.

Святы Айцец адзначыў, што перашкодай для перамоў па гэтых пытаннях часта становіцца страх: страх перад пераменамі, страх страціць уладу і страх адносна няпэўнасці вынікаў. Ён падкрэсліў, што рэлігійныя супольнасці і лідары могуць дапамагчы пераадолець гэтыя страхі праз сведчанне надзеі, якая можа стаць магутнай рухаючай сілай сацыяльных і экалагічных намаганняў.

На думку Льва XIV, не толькі пажадана, але і сапраўды магчыма, каб за прагрэсам Канферэнцыі бакоў па змене клімату (COP30) рушыў услед справядлівы пераход да грамадства, у якім агульнае дабро будзе пераважаць над прыбыткам, а эканамічнае развіццё будзе заснавана на салідарнасці і павазе да чалавечай годнасці. Папа заклікаў багацейшыя краіны выконваць свае абавязацельствы па фінансавай падтрымцы бедных краін і выступіў за стварэнне новай міжнароднай фінансавай сістэмы, арыентаванай на чалавека.

Культура клопату і цывілізацыя любові

Гаворачы пра любоў, Святы Айцец падкрэсліў важнасць развіцця культуры клопату пра навакольнае асяроддзе, якая ўключае тое, што Папа Францішак называў “грамадзянскай і палітычнай любоўю”. Такая любоў з'яўляецца ключом да сапраўднага развіцця, паколькі робіць грамадства больш чалавечным, - сказаў Леў XIV, пажадаўшы ўдзельнікам саміту спрыяць развіццю культуры клопату і ўнесці свой уклад у цывілізацыю любові.

“Малюся, каб ваш саміт быў плённым у прасоўванні гэтак неабходнага дыялогу для пошуку эфектыўных рашэнняў па абароне дару Божага стварэння, і з гатоўнасцю заклікаю на вас Божыя дары мудрасці і міру”, - сказаў напрыканцы відэапаслання Папа.

16 чэрвеня 2026, 12:32