Папа на завяршэнне кансісторыя: Касцёл не ігнаруе раны свету
Аляксандр Панчанка – Vatican News
На пачатку свайго звароту Папа ад свайго імя і ад імя ўсіх прысутных запэўніў у духоўнай блізкасці з ахвярамі землятрусу ў Венесуэле. Затым Пантыфік падзякаваў кардыналам за ўдзел у нарадзе, заклікаўшы іх вярнуцца ў свае мясцовыя Касцёлы з надзеяй, якую ў іх сэрцах распаліў Пан, як у евангельскай гісторыі пра вучняў з Эмаўса.
Святы Айцец даручыў кардыналам увасабленне ў жыццё плёнаў Сінода пра сінадальнасць, пажадаўшы, каб пытанні ўлады, сумеснай адказнасці і прыняцця рашэнняў разглядаліся ў святле місіі Касцёла і вернасці Евангеллю. Ён нагадаў, што сінадальнасць з'яўляецца духоўным стылем, развіваецца дзякуючы слуханню і сталее ў распазнаванні. Леў XIV падкрэсліў, што ўзаемнае слуханне патрабуе пакоры і свабоды, а таксама пакідання месца для дзеяння Святога Духа.
Пантыфік падзякаваў кардыналам за разважанні пра крызісы і пакуты сучаснага чалавека, за тое, што праз іх Касцёл не адварочвае позірку ад ран свету, але імкнецца знайсці іх карані. Папа прызнаўся, што яго асабліва кранулі сведчанні пра моладзь, яе пытанні і пакуты, якія часам прыводзяць да роспачы і самагубства. Святы Айцец назваў гэта адной з самых глыбокіх ран нашага часу. Ён заўважыў, што менавіта Евангелле дае адказ на пошукі маладых сэрцаў, і заклікаў уважліва слухаць моладзь і не пакідаць без падтрымкі сем'і, асабліва тыя, якія перажываюць цяжкі перыяд.
Закранаючы тэму міру, Папа звярнуў увагу на тое, што гэта пытанне глыбока датычыць сэрца чалавека, бо вайна, яшчэ да таго, як праявіцца ў гісторыі, нараджаецца ўнутры нас, калі падазронасць займае месца даверу, страх выцясняе надзею, а іншы чалавек успрымаецца як пагроза.
Пантыфік нагадаў, што пагрозу міру нясе распаўсюджаны культ сілы, які пранікае ў лад мыслення людзей, адносіны, ажыццяўленне ўлады, эканоміку, тэхналогіі і нават рэлігію. Адказам на гэту з'яву павінна стаць культура супрацоўніцтва і дыялогу, дзякуючы якой народы будуць вучыцца разам шукаць агульнае дабро.
Папа заклікаў наследаваць прыклад Езуса, які не адмаўляецца ад праўды і не замоўчвае зло, але не прымае абароны праўды з дапамогай гвалту і супрацьстаіць ператварэнню іншага чалавека ў ворага.
Святы Айцец заахвоціў кіравацца пасхальнай логікай, у якой любоў аказваецца мацнейшай за нянавісць, а прабачэнне перарывае спіраль помсты. “Такой ёсць моц Укрыжаванага і Уваскрослага – моц, якая не знішчае ворага, але дазваляе нанова адкрыць у ім брата”, - сказаў Пантыфік. Ён адзначыў, што дзякуючы сустрэчы з Хрыстом, Яго словам і сакрамэнтамі нараджаецца сведчанне, якога сёння вельмі патрабуе свет.
Леў XIV падкрэсліў каштоўнасць досведу кансісторыя – прасторы сустрэчы, дзе іерархі могуць слухаць адзін аднаго, маліцца, распазнаваць і разам крочыць шляхам веры. Ён паведаміў, што наступная сустрэча кардыналаў адбудзецца ў наступным годзе. Яе дата будзе абвешчана напрыканцы бягучага года.
