Пантыфік развітаўся з Іспаніяй і вылецеў з Тэнэрыфэ ў Рым
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
12 чэрвеня 2026 года пасля завяршэння святой Імшы ў порце Санта-Крус-дэ-Тэнэрыфэ, на якую з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса сабраліся каля 80 тысяч вернікаў, распачаўся заключны этап падарожжа Пантыфіка. Святы Айцец на аўтамабілі пераадолеў адлегласць у 12 кіламетраў і прыбыў каля 15.00 па мясцовым часе ў міжнародны аэрапорт "Тэнэрыфэ-Нортэ – Лос-Родэас".
Перад тым як узысці на борт, Папа прывітаў Яго Вялікасць Філіпа VI, мясцовыя ўлады і дэлегацыю мясцовага Касцёла. Афіцыйная цырымонія развітання ўключала выкананне гімнаў, ушанаванне сцягоў, агляд ганаровай варты і прывітанне прадстаўнікоў абедзвюх дэлегацый.
Вылет Папы адбыўся з затрымкай амаль на дзе гадзіны. У самалёта “Airbus 320” іспанскай авіякампаніі “Iberia”, якім планаваўся палёт, былі выяўлены тэхнічныя няспраўнасці. Кароль Іспаніі Філіп VI асабіста падняўся на борт ваздушнага судна і суправадзіў Льва XIV да тэрмінала аэрапорта ў чаканні іншага самалёта. Праз гадзіну на ўзлётна-пасадачнай паласе з’явіўся борт ваенна-паветраных сіл Іспаніі, прадстаўлены Філіпам VI, якім Пантыфік і яго бліжэйшыя супрацоўнікі вылецелі ў Рым.
Палёт пройдзе над тэрыторыямі Іспаніі, Марока, Партугаліі, Францыі і Італіі. Журналісты, якія звычайна суправаджаюць Папаў падчас падарожжаў, паляцяць у бліжэйшыя гадзіны іншым рэйсам, у сувязі з чым не будзе традыцыйнай прэс-канферэнцыі на борце самалёта.
Чакаецца, што пасля пераадолення 3036 кіламетраў самалёт здзейсніць пасадку ў Рыме каля 23.00.
Адразу пасля прызямлення адбудзецца пераезд на аўтамабілі ў Ватыкан – гэты заключны адрэзак шляху складае каля 28 кіламетраў.
Апостальскі візіт Льва XIV на Пірэнейскі паўвостраў і Канарскі архіпелаг праходзіў з 6 па 12 чэрвеня 2026 года. За гэтыя дні Папа наведаў Мадрыд, Барселону, Гран-Канарыю і Тэнэрыфэ.
Праграма падарожжа была надзвычай насычанай: Пантыфік сустракаўся з каралеўскай сям'ёй, кіраўніцтвам краіны, парламентарыямі, біскупамі і моладдзю, наведаў сацыяльныя структуры, дабрачынныя арганізацыі і пенітэнцыярную ўстанову, а таксама маліўся на Ружанцы ў кляштары на гары Мансэрат і ўзначаліў адкрыццё новай “Вежы Езуса Хрыста” ў барселонскай базіліцы Святой Сям'і.
Асаблівая ўвага падчас наведвання Канарскіх астравоў была ўдзелена пытанням міграцыі і гуманітарнай дапамогі.
