Пошук

Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Папа адправіўся на Тэнэрыфэ: апошні дзень візіту ў Іспанію

Апошні дзень падарожжа ў Іспанію Леў XIV правядзе на канарскім востраве Тэнэрыфэ. Ён сустрэнецца з мігрантамі, прадстаўнікамі арганізацый, якія дапамагаюць ім інтэгравацца ў грамадства, і ўзначаліць святую Імшу ў мясцовым порце.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

12 чэрвеня 2026 года раніцай Папа вылецеў з Лас-Пальмаса ў Санта-Крус-дэ-Тэнэрыфэ – найбуйнейшы горад вострава. Адлегласць у 117 кіламетраў самалёт з Пантыфікам на борце пераадолее за паўгадзіны.

У аэрапорце Санта-Крус-дэ-Тэнэрыфэ Льва XIV будуць сустракаць прадстаўнікі мясцовых уладаў. Пасля кароткай прывітальнай цырымоніі ён адправіцца аўтамабілем у мясцовы цэнтр для прыёму мігрантаў “Las Raíces”. Падчас візіту ў гэту ўстанову Папа пачуе сведчанні валанцёраў і мігрантаў і звернецца да іх з прамовай.

Затым Святы Айцец накіруецца на Плошчу Хрыста – адну з галоўных плошчаў вострава, дзе сустрэнецца з прадстаўнікамі шматлікіх каталіцкіх дабрачынных арганізацый, якія дапамагаюць мігрантам інтэгравацца ў новым для іх грамадстве.

Кульмінацыйным момантам візіту на востраў стане ўрачыстая святая Імша, якую Пантыфік узначаліць у порце Санта-Крус-дэ-Тэнэрыфэ. У другой палове дня Леў XIV развітаецца з Іспаніяй і вернецца ў Рым.
 

12 чэрвеня 2026, 09:52