Пошук

Папа: хрысціяне пакліканы несці ў свет закваску бескарыслівасці

Бескарыслівасць падобная да закваскі, якая спрыяе росту чалавечага, этычнага і духоўнага вымярэнняў грамадства і з’яўляецца адметнай рысай Горада Божага, - падкрэсліў Леў XIV на сустрэчы з валанцёрамі, якія дапамагалі ў арганізацыі яго апостальскага падарожжа ў Іспанію.

Марыя Валодзіна - Vatican News

9 чэрвеня 2026 года Папа завяршыў свой візіт у Мадрыд сустрэчай з валанцёрамі ў выставачным комплексе IFEMA. “Вы заслугоўваеце асаблівай падзякі, бо ахвяравалі свой час і служэнне, і зрабілі гэта з любові да Пана, Касцёла і Папы”, - сказаў Святы Айцец, звяртаючыся да тых, хто з энтузіязмам адгукнуўся на заклік да валанцёрства.

Па словах Пантыфіка, колькасць ахвотных стаць валанцёрамі значна перавысіла чаканні ўжо ў першыя дні набору. Некаторыя ўдзельнікі бралі адпачынак на працы, іншыя на працягу некалькіх месяцаў цалкам прысвяцілі сябе падрыхтоўцы. “Кожны аддаў тое, што мог, ахвяруючы сваё сэрца, рукі, ідэі, таленты і ўсмешкі. Няхай Бог узнагародзіць вас так, як толькі Ён адзін умее!” – пазычыў Леў XIV.

Папа падзяліўся з валанцёрамі наступным разважаннем: хрысціяне пакліканы прыносіць у свет закваску бескарыслівасці. Ён спаслаўся на евангельскі ўрывак паводле святога Мацвея, у якім Валадарства Божае параўноўваецца з закваскай: “Валадарства Нябеснае падобнае да закваскі, якую жанчына ўзяла і паклала ў тры меры мукі, аж усё ўкісла” (Мц 13, 33). Па словах Пантыфіка, валанцёрскае служэнне з’яўляецца знакам будучага Валадарства Божага дзякуючы адной істотнай рысы: бескарыслівасці.

Бескарыслівасць падобная да закваскі, якая спрыяе росту чалавечага, этычнага і духоўнага вымярэнняў грамадства, і яна з’яўляецца адметным элементам Горада Божага. У свеце, дзе пануе логіка асабістай выгады і прыбытку, дзе паняцце росту зводзіцца толькі да эканамічна-фінансавага вымярэння, важна думаць і жыць паводле больш сапраўднай ментальнасці, якая вядзе да ўсебаковага развіцця чалавека, — сказаў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што Хрыстус прыйшоў у свет, каб прынесці закваску Валадарства Божага і аздаравіць чалавецтва сваёй ахвярай і дзеяннем Святога Духа. Пасля смерці і Уваскрасення Ён паслаў вучняў, надзяліўшы іх сілай таго ж Святога Духа, быць знакамі і інструментамі Яго Валадарства любові, справядлівасці і спакою. Гэта здзяйсняецца не толькі словам, але і ўласным прыкладам жыцця паводле Евангелля. Істотнай рысай такога ладу жыцця з’яўляецца шчодрасць, якую валанцёры праявілі ў мінулыя дні ў Мадрыдзе.

"Магчыма, статыстыка гэтага не і адлюстроўвае, але мы ведаем, што ў гэтыя дні, дзякуючы і вам, горад вырас, бо стаў бліжэй да Валадарства Божага. Ці гэта нашая ўласная заслуга? Не! Усё гэта Яго ласка! Вось таямніца: любоў Божая, якая рухае сонца і зоркі, рухае таксама і сэрцы тых, хто спаткаў Пана Езуса, які сказаў: “Больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць!” (Дз 20:35), - сказаў Леў XIV.

Напрыканцы сустрэчы Папа заклікаў усіх працягваць гэты шлях "з пакорай і лагоднасцю, без пыхі, але моцныя ў веры і шчодрыя ў служэнні!" “Няхай Панна Марыя просіць для вас ласку быць закваскай Валадарства Божага заўсёды і ўсюды. Дзякуй вам! Да сустрэчы ў Рыме!” – развітаўся Святы Айцец.

У знак удзячнасці і духоўнай еднасці Папа падарыў арцыбіскупу Мадрыда залаты келіх, а таксама благаславіў 18 першых камянёў будучых парафій, якія плануюць пабудаваць у архідыяцэзіі Мадрыда ў бліжэйшыя гады.

Папа благаславіў 18 першых камянёў будучых парафій Мадрыда
Папа благаславіў 18 першых камянёў будучых парафій Мадрыда   (@Vatican Media)
09 чэрвеня 2026, 10:43