Папа: адзінства аўгустынцаў можа стаць пасланнем для свету
Аляксандр Панчанка - Vatican News
У другой палове дня 7 чэрвеня 2026 года, перад тым як адправіцца на арэну “Movistar” для ўдзелу ў сустрэчы з дзеячамі культуры, мастацтва, эканомікі і спорту, Леў XIV сустрэўся ў нунцыятуры ў Мадрыдзе з каля 220 аўгустынцамі з розных супольнасцей і іншымі членамі аўгустынскай сям’і Іспаніі.
Зала Друку Святога Пасада паведаміла, што пасля прывітання генеральнага настаяцеля Пантыфік звярнуўся да прысутных са словамі падзякі за магчымасць сустрэчы, падкрэсліўшы, што еднасць і адзінства сэрцаў сярод аўгустынцаў могуць стаць пасланнем для свету ў гэты гістарычны момант.
Святы Айцец заўважыў, што гэтае пасланне можа быць данесена таксама да моладзі, такой як 600 тысяч юнакоў і дзяўчат, з якімі ён сустрэўся днём раней на плошчы Лімы ў Мадрыдзе і якія сведчылі пра свае пытанні і духоўныя пошукі.
Спаслаўшыся на прысутнасць манахінь з кантэмпляцыйных супольнасцей, Леў XIV падкрэсліў каштоўнасць іх паклікання, таксама ў кантэксце надання сэнсу сацыяльнай дзейнасці ў час, калі губляецца цішыня і здольнасць чалавека зазірнуць ва ўласнае сэрца. Перад тым як прывітаць кожнага ўдзельніка сустрэчы асабіста, Папа запрасіў прысутных разам памаліцца “Ойча наш” і ўдзяліў ім сваё благаслаўленне.
