Выбар моладзі і мір у сем’ях: Папскі зварот да пілігрымаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У сераду, 24 чэрвеня 2026 года, у Ватыкане прайшла агульная аўдыенцыя, завяршаючы якую, Леў XIV звярнуў увагу на надзённыя грамадскія і душпастырскія выклікі.
Вітаючы пілігрымаў, якія сабраліся на Плошчы Святога Пятра насуперак моцнай спякоце, Папа асобна прывітаў удзельнікаў Міжнароднага фестывалю здароўя і бяспекі на працы. Ён пажадаў, каб гэтая падзея абудзіла ў кожным гатоўнасць служыць евангелізацыйнай місіі Касцёла.
Звяртаючыся да польскіх вернікаў, Пантыфік закрануў тэму летняга адпачынку дзяцей і моладзі, заклікаўшы іх шукаць Божыя знакі ў прыгажосці стварэння. Ён заклікаў да супольнай малітвы за маладых людзей, "каб яны мудра выбіралі школу і ўніверсітэт і разважліва распазнавалі сваё пакліканне".
Пантыфік параіў партугаламоўным пілігрымам не грэбаваць падрыхтоўкай да святой Імшы праз частую споведзь і здольнасць "суцішаць шумы, якія замінаюць нам слухаць Божае Слова". У сваю чаргу, вернікаў з арабскіх краін Леў XIV заклікаў пераносіць літургічны вопыт у штодзённасць, дзе кожная падзея можа стаць ахвярай і падзякай. Кітайскім хрысціянам Папа нагадаў, што Найсвяцейшы Сакрамэнт – гэта "Хлеб у дарогу, які вядзе нас да нябеснай Айчыны".
Сустрэча Святога Айца з пілігрымамі прайшла ў асаблівай атмасферы ўрачыстасці Нараджэння святога Яна Хрысціцеля. Звяртаючыся да вернікаў, Папа нагадаў пра важнасць гэтага свята і заклікаў прыняць запрашэнне прарока да навяртання.
Сярод прысутных на плошчы былі шматлікія парафіяне, хворыя, а таксама маладыя сужэнцы. Пантыфік пажадаў, каб святы Ян Хрысціцель дапамог усім нанова адкрыць уласнае пакліканне, якое вынікае з хросту, і стаць радаснымі вестунамі Божага Валадарства. "Ідзіце за яго прыкладам і рыхтуйце шляхі Пана, каб свет паверыў у Хрыста Збаўцу", - прамовіў Леў XIV.
