Падчас агульнай аўдыенцыі на Плошчы Святога Пятра Падчас агульнай аўдыенцыі на Плошчы Святога Пятра  (@Vatican Media)

Папа заклікаў да міру, абароны дзяцей і эўхарыстычнай пабожнасці

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа заклікаў да міру на Блізкім Усходзе, а таксама падтрымаў міжнародныя ініцыятывы і публічнае сведчанне веры падчас працэсій Божага Цела.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сераду, 3 чэрвеня 2026 года, падчас сустрэчы з пілігрымамі ў Ватыкане, Пантыфік закрануў шэраг актуальных грамадскіх і міжнародных тэм, скіроўваючы асобныя словы да супольнасцей, якія перажываюць выпрабаванні.

Сярод удзельнікаў аўдыенцыі былі духавенства і законнікі з Блізкага Усходу – Леў XIV запэўніў, што суправаджае сваёй малітвай і благаслаўленнем іх служэнне і спадзяванні іх краін, заклікаўшы адкрыць сэрцы для Хрыстовага Міру. Адначасова прагучаў моцны зварот да кітайскамоўных вернікаў: "Нястомна будзьце паўсюль сведкамі братэрства і міру".

Клопат пра чалавека і медыцынскую этыку

Асаблівую ўвагу Папа звярнуў на важныя глабальныя ініцыятывы. Ён прывітаў навукоўцаў і дэлегатаў ватыканскай канферэнцыі, якая займалася пераглядам Тайбэйскай дэкларацыі па ахове медыцынскіх даных, а таксама арганізатараў сусветнага саміту "Падтрымка надзеі для дзяцей". Святы Айцец пажадаў, каб удзельнікі гэтых сустрэч станавіліся сапраўднымі сведкамі любові ў свеце. Акрамя гэтага, Пантыфік адзначыў юбілей Асацыяцыі аўстрыйцаў у Рыме, павіншаваўшы арганізацыю са 100-годдзем з дня заснавання.

Падчас агульнай аўдыенцыі
Падчас агульнай аўдыенцыі   (@Vatican Media)

Напярэдадзені ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста Папа заклікаў вернікаў да адважнага і публічнага вызнання веры. Ён падкрэсліў важнасць традыцыйных эўхарыстычных працэсій на вуліцах гарадоў і вёсак. Паводле яго слоў, удзел сем’яў, дзяцей і моладзі ў такіх набажэнствах служыць важным грамадскім сведчаннем і напамінам аб тым, што Бог заўсёды прысутнічае пасярод свайго народа і суправаджае яго ў штодзённасці.

Адзінства ў любові і міласэрнасці

Развітальнае слова Пантыфіка ахапіла таксама прадстаўнікоў іншых народаў. На прыкладзе французскіх пілігрымаў і моладзі з вострава Маўрыкій Папа пажадаў, каб супольнасці будавалі і праяўлялі адзінства Касцёла ў сапраўднай любові.

У сваю чаргу, партугаламоўным вернікам Святы Айцец нагадаў, што чэрвень прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Ён заклікаў усіх набліжацца да гэтай крыніцы Божай міласэрнасці, каб Сэрца Хрыста перамяняла сэрцы чалавечыя, робячы іх больш цярплівымі, шчодрымі і спагадлівымі да бліжніх.
 

03 чэрвеня 2026, 11:48