Папа ў цэнтры прыёму мігрантаў: Божая любоў не ведае межаў
Аляксандр Панчанка – Vatican News
12 чэрвеня 2025 года Леў XIV наведаў цэнтр прыёму мігрантаў “Las Raíces” на канарскім Тэнэрыфэ. У сустрэчы бралі ўдзел каля шасцісот чалавек, якія знайшлі прытулак на іспанскім востраве. Пантыфік пачуў некалькі іх сведчанняў, а затым звярнуўся да прысутных з прамовай, у якой падкрэсліў, што клопат пра мігрантаў з’яўляецца важным элементам будавання цывілізацыі любові.
“Сёння ў Касцёле мы святкуем урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якое для хрысціян увасабляе міласэрную і бясконцую любоў Бога да кожнага чалавека. У гэтым кантэксце вельмі сімвалічна, што мы можам сустрэцца, убачыць адзін аднаго і, перш за ўсё, усвядоміць, што незалежна ад месца нашага паходжання, Божая любоў не ведае межаў, не робіць адрозненняў, дорыцца ўсім і яднае нас. Гледзячы на вашыя твары і слухаючы вашыя сведчанні, я думаю пра вашыя сэрцы – параненыя шматлікімі цяжкасцямі, але і суцешаныя любоўю, атрыманай дзякуючы іншым адкрытым, шчодрым і міласэрным сэрцам. Сэрца Хрыста пакутавала і было прабіта з любові, і Яго таксама суцяшалі спагадлівыя людзі, якія набліжаліся, каб палегчыць Яго боль”, - сказаў Папа.
“Мы павінны жыць гэтым абменам з адказнасцю, думаючы пра будучыню наступных пакаленняў, якім мы хочам перадаць спадчыну цывілізацыі любові, дзе міграцыя адыгрывае важную ролю, бо яна “можа стаць нагодай для сустрэчы і ўзаемнага ўзбагачэння паміж народамі”, - падкрэсліў Святы Айцец.
“Дарагія браты і сёстры, усе мы у пэўным сэнсе мігранты, усе мы пілігрымы на шляху да нябеснай айчыны. Давайце дапамагаць адзін аднаму зрабіць гэтае падарожжа больш чалавечным для кожнага, робячы тое, што па сілах кожнаму з нас. У сувязі з гэтым я дзякую за супрацоўніцтва ўраду, розным установам і шматлікім людзям добрай волі, якія робяць магчымай гэтую канкрэтную гуманітарную дапамогу, што вяртае надзею і годнасць многім”, - дадаў Пантыфік.
Леў XIV прызнаўся, што быў уражаны назвай цэнтра прыёму мігрантаў на Тэнэрыфэ – “Las Raíces” (ісп. – карані). “Майму папярэдніку, дарагому Папу Францішку, які вельмі хацеў быць з вамі, падабалася выкарыстоўваць вобраз каранёў, каб паказаць неабходнасць не забываць сваё паходжанне, заставацца згуртаванымі і спадзявацца на Пана. “Бо, хто спадзяецца на Пана, “будзе як дрэва, пасаджанае над вадою, што пускае карэнне сваё над патокам. Калі настане спёка, яно не баіцца, і лісце яго застаецца зялёным” (Ер 17,8). Няхай гэты вобраз каранёў дапаможа вам заставацца трывала ўкаранёнымі ў Пану, каб ніводная бура не магла аддаліць вас ад Яго прысутнасці, якая ўмацоўвае і дае жыццё”, - пажадаў на заканчэнне прамовы Папа.
