Папа ў катэдры Мадрыда: разбураць муры падзелу і будаваць мір
Марыя Валодзіна – Vatican News
Катэдра Маці Божай Альмудэнскай лічыцца адным з найважнейшых каталіцкіх храмаў Іспаніі. Размешчаная насупраць Каралеўскага палаца, яна ўражвае гарманічным спалучэннем неакласічнага, неагатычнага і неараманскага стыляў. Будаўніцтва святыні працягвалася больш за стагоддзе і завяршылася толькі ў 1993 годзе, калі сабор быў урачыста асвечаны Янам Паўлам II. У ім захоўваецца фігура Маці Божай Альмудэнскай – апякункі Мадрыда.
8 чэрвеня 2026 года марыйную малітву ў мадрыдскай катэдры ўзначаліў Леў XIV. Ён падзякаваў арцыбіскупу Мадрыда за цёплы прыём і выказаў радасць ад сустрэчы з вернікамі, якія сабраліся ў саборы, каб ушанаваць Багародзіцу. У набажэнстве прыняла ўдзел каралева-маці Сафія.
У гаміліі Святы Айцец нагадаў старажытнае паданне пра цудоўнае знаходжанне статуі Маці Божай Альмудэнскай. Па легендзе, у часы пераследу хрысціянскай супольнасці яе схавалі ў мурах гарадской цытадэлі, дзе яна заставалася доўгі час, пакуль пасля цудоўнага абвалу часткі муроў не была знойдзена некранутай.
У сучасных грамадствах усё яшчэ існуе шмат муроў, якія не абараняюць людзей, а падзяляюць, аддаляюць і ізалююць адзін ад аднаго. Замест таго, каб разбурыць іх, мы выбіраем камфорт – падперці іх або проста ігнараваць, - заўважыў Папа.
“Аднак Маці Божая Альмудэнская сваёй прысутнасцю і надзейнай абаронай кажа нам пра іншае: каб пабудаваць нешта новае, прыгожае і трывалае, трэба быць гатовымі разбураць муры”, - падкрэсліў Пантыфік. Менавіта разбурэнне муроў адкрывае новыя магчымасці і дапамагае чалавеку ўбачыць гарызонт, - заўважыў Леў XIV, заклікаючы вернікаў сведчыць пра веру, не быць скупымі на міласэрнасць і не губляць надзеі.
Напрыканцы гаміліі Пантыфік прамовіў малітву да Маці Божай Альмудэнскай, просячы яе дапамагчы людзям стаць “будаўнікамі міру і прымірэння”, і ўсклаў да яе ног залатую ружу – сімвал сыноўняй любові да Маці Божай.
