Пошук

Ян Була і Вацлаў Дрбола Ян Була і Вацлаў Дрбола 

Пантыфік ушанаваў мучанікаў і прасіў маліцца за Філіпіны

Пасля нядзельнай малітвы Пантыфік узгадаў новых благаслаўлёных мучанікаў, якія загінулі ад таталітарных рэжымаў, і выказаў блізкасць пацярпелым ад землятрусу на Філіпінах.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У нядзелю, 14 чэрвеня 2026 года, пасля завяршэння малітвы "Анёл Панскі", Папа звярнуўся да вернікаў на Плошчы Святога Пятра. Святы Айцец прыгадаў імёны хрысціянскіх сведак, абвешчаных благаслаўлёнымі, а таксама заклікаў да салідарнасці з людзьмі, якія сутыкнуліся з прыродным бедствам.

Папа адзначыў еўрапейскіх душпастыраў, якія засталіся вернымі Хрысту да самага канца. "Хачу прыгадаць некаторых новых благаслаўлёных: дыяцэзіяльных святароў Вацлава Дрболу і Яна Булу з Маравіі; а таксама Яна Сверца і васьмі паплечнікаў, польскіх святароў-салезіянаў", - сказаў Пантыфік. Усе яны былі беатыфікаваны як мучанікі, бо сталі ахвярамі таталітарных рэжымаў.

Яшчэ адна падзея адбылася ў Паўднёвай Амерыцы. Напярэдадні ў бразільскім штаце Мату-Гросу да ліку благаслаўлёных быў прылічаны Надзарэна Ланчоці, рымскі святар і місіянер. Ён таксама прыняў мучаніцкую смерць, бо ў імя Евангелля мужна абараняў самых бедных людзей.

Пантыфік выказаў спадзяванне, што подзвіг гэтых хрысціян стане духоўнай апорай для сучаснага духавенства. "Няхай прыклад і заступніцтва гэтых адважных сведак падтрымаюць місію святароў і ўсяго Касцёла", - пажадаў Святы Айцец.

Асобна Папа звярнуўся да жыхароў азіяцкага рэгіёну, які пацярпеў ад прыроднай катастрофы. "Запэўніваю ў сваёй блізкасці насельніцтва Філіпін, якое некалькі дзён таму пацярпела ад моцнага землятрусу", - сказаў Святы Айцец. Ён дадаў, што моліцца за памерлых, іх сем’і, параненых і ўсіх, хто пакутуе ад гэтага разбуральнага бедства.
 

14 чэрвеня 2026, 13:15