Пошук

Сустрэча экспертаў па пераглядзе Тайбэйскай дэкларацыі, 1-2 чэрвеня 2026 года Сустрэча экспертаў па пераглядзе Тайбэйскай дэкларацыі, 1-2 чэрвеня 2026 года 

Папа: развіццё ШІ патрабуе новых норм абароны прыватнасці пацыентаў

Пастаяннае ўдасканаленне сучасных тэхналогій патрабуе неадкладнага абнаўлення палітыкі выкарыстання медыцынскіх баз даных і абароны прыватнай інфармацыі пацыентаў, - напісаў Леў XIV у пасланні да экспертаў у галіне біяэтыкі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Леў XIV накіраваў пасланне ўдзельнікам Трэцяй адкрытай экспертнай сустрэчы па пераглядзе Тайбэйскай дэкларацыі, якая праходзіць у Ватыкане 1-2 чэрвеня 2026 года. Форум арганізавалі Папская акадэмія жыцця, Сусветная медыцынская асацыяцыя і Ізраільская медыцынская асацыяцыя.

Пасланне на імя старшыні Папскай акадэміі жыцця арцыбіскупа Рэнца Пегарара падпісаў Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал П’етра Паралін. У ім гаворыцца аб тым, што Папа быў рады даведацца аб намаганнях па пераглядзе дэкларацыі Сусветнай медыцынскай асацыяцыі па этычных аспектах выкарыстання медыцынскіх баз даных. Адзначаецца, што развіццё сучасных тэхналогій і пастаяннае ўдасканаленне лічбавых сістэм патрабуюць тэрміновага абнаўлення палітыкі бяспекі і абароны прыватнасці пацыентаў. Падкрэсліваецца, што сёння ўзнікае новая форма каланіялізму, якая імкнецца ператварыць чалавечае жыццё ў лічбавыя даныя, прыдатныя для эксплуатацыі. (пар. “Magnifica humanitas”, 178).

Папа нагадаў, што кожны чалавек з'яўляецца ўнікальнай асобай, якая валодае неацэннай каштоўнасцю, і таму павінен быць абаронены ад любых форм эксплуатацыі і камерцыялізацыі, якія імкнуцца звесці яго да набору лічбавых даных.

Леў XIV заахвоціў удзельнікаў сустрэчы працягваць іх важную працу і выказаў надзею на тое, што дыскусіі будуць спрыяць абароне чалавечай годнасці і развіццю супольных ведаў як асновы сапраўднага агульнага дабра.

02 чэрвеня 2026, 10:09