Папа да Харчовай праграмы пра структурныя прычыны голаду
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Папа 22 чэрвеня 2026 года звярнуўся з прамовай да ўдзельнікаў пасяджэння Выканаўчай рады Сусветнай харчовай праграмы. Падчас візіту ў рымскую штаб-кватэру ён прывітаў кіраўніцтва гэтай міжурадавай структуры, прадстаўнікоў дзяржаў і персанал.
Леў XIV падкрэсліў, што намаганні па ратаванні чалавечых жыццяў сугучныя з місіяй Касцёла. Касцёл заўсёды абараняе чалавечую годнасць і развівае братэрства, заснаванае на любові да бліжняга. "Разам мы падзяляем неадкладную задачу супрацьстаяць голаду і недаяданню", - адзначыў Папа.
У сваім выступе Святы Айцец звярнуў увагу на фрагментацыю міжнароднага парадку. Спасылаючыся на сваю энцыкліку "Magnifica humanitas", ён адзначыў паслабленне інстытутаў, створаных дзеля агульнага дабра. Замест сапраўднага супрацоўніцтва ўзнікае бязладная шматпалярнасць, у якой пануе недавер. Пры гэтым існуе парадокс, калі велізарныя вытворчыя магчымасці суіснуюць з пашырэннем беднасці. "Канфлікты кормяцца лягчэй, чым насычаюцца людзі", - са смуткам канстатаваў Папа.
Святы Айцец заклікаў урады свету павялічыць рэсурсы для барацьбы з голадам і ліквідаваць перашкоды для дапамогі. Ён прапанаваў узмацніць узаемадзеянне з Касцёлам і грамадзянскай супольнасцю. У сітуацыях, дзе дзяржаўны кантроль абмежаваны, мясцовыя партнёры становяцца незаменнымі. "Каталіцкі Касцёл – праз парафіі, дыяцэзіі, структуры “Caritas” і іншыя рэлігійныя ініцыятывы – часта дасягае бедных слаёў насельніцтва ў тых раёнах, якія застаюцца недаступнымі для міжнародных структур", - падкрэсліў Папа.
На заканчэнне Леў XIV нагадаў, што доступ да ежы і вады з'яўляецца фундаментальным правам чалавека, якое грунтуецца на яго бясконцай годнасці, калыскай якой з'яўляецца бязмежная любоў Бога.
