Папа на пахаванні кардынала Руіні: мудры і руплівы пастыр Божага статка
Марыя Валодзіна - Vatican News
Святая Імша сабрала кардыналаў, біскупаў, святароў і вернікаў, якія прыйшлі аддаць даніну павагі аднаму з найбольш уплывовых дзеячаў італьянскага касцёльнага жыцця апошніх дзесяцігоддзяў.
Папа падкрэсліў, што кардынал Руіні з аднолькавай адданасцю служыў Касцёлу як на сціплых, так і на адказных пасадах. Касцёл у Італіі, дзе ён шмат гадоў узначальваў епіскапат, і Рымская дыяцэзі, дзе ён быў вікарыем, абавязаныя яму вельмі многім. Яму належаць інтуіцыі і ініцыятывы, якія пакінулі глыбокі след у касцёльнай і грамадзянскай супольнасці, такія як “культурны праект” папулярызацыі ўкладу Касцёла ў розныя сферы рэлігійнага, грамадскага і палітычнага жыцця Італіі.
Натхненнем для кардынала Руіні служыла праўда аб тым, што нішто не можа адлучыць нас ад Божай любові. Менавіта вера ў непераможную любоў Пана давала яму моц для таго, каб сустракаць шматлікія перыпетыі і выпрабаванні падчас яго доўгага служэння Касцёлу, - адзначыў Святы Айцец.
Кардынал Руіні казаў, што адным з рэсурсаў, якія суправаджалі яго на працягу жыцця, пачынаючы з маленства, была малітва – простая і шчырая ў маладыя гады, сталая з цягам часу, у пару кволасці і хваробы.
У сваім духоўным тэстаменце кардынал Руіні напісаў, што імкнуўся дзейнічаць не дзеля асабістых інтарэсаў, а дзеля мэт, якія былі яму давераны і якія ён падзяляў ад усяго сэрца. Папа заахвоціў прысутных браць прыклад са спачылага іерарха і імкнуцца "дасягнуць таго месца, дзе Пан чакае нас і прагне бачыць у вечнай радасці", ісці да гэтай мэты ў еднасці з Ім і з бліжнімі.
Кардынал Руіні працаваў з некаторымі вялікімі святымі найноўшага часу, такімі як святы Павел VI і святы Ян Павел II. Пра свае адносіны з Янам Паўлам II, супрацоўнікам якога ён быў на працягу многіх гадоў, кардынал пісаў: “У Яне Паўле II я спазнаў Тваю прысутнасць, Пане, я мог адчуць на дотык рукі еднасць у малітве, непадзельнасць малітвы, жыцця і апостальства, мужнасць веры, якая кіруе гісторыяй, здольнасць любіць і прабачаць”. На думку Льва XIV, многія з тых рыс, якімі кардынал Руіні апісвае святога Папу Яна Паўла II, можна знайсці і ў ім самім. Такая сугучнасць можа паслужыць натхненнем і нам, - сказаў Папа.
Біскупскі дэвіз кардынала Руіні – "Veritas liberabit nos" – падсумоўвае глыбокае разуменне чалавека і свабоды, якое адкрыў нам Хрыстус і якому вучыць Касцёл: мы створаны для праўды і дабра, і толькі ў гэтым знаходзім адзінства, спакой і поўную рэалізацыю – як у зямным жыцці, так і ў вечнасці. Гледзячы на жыццё кардынала Руіні, на тое, як ён жыў і як пакінуў гэты свет, можна ўбачыць знак той моцы і трываласці, з якімі чалавек расце і сталее, калі жыве ў праўдзе, якая паходзіць ад Бога, цэнтра і стрыжня яго існавання.
На заканчэнне Леў XIV скіраваў словы падзякі людзям, якія суправаджалі, дапамагалі і падтрымлівалі кардынала Руіні ў яго працы падчас душпастырскага служэння і асабліва ў гады старасці і хваробы. “Няхай Пан узнагародзіць усіх, дасць суцяшэнне блізкім, а яму ўдзеліць узнагароду Свайго супакою, які не мае канца”, - завяршыў гамілію Святы Айцец.
