Пантыфік у Павіі: горад жыве дзякуючы ўкладу кожнага

Горад – гэта ў першую чаргу супольнасць людзей, якая будуецца праз салідарнасць, клопат пра іншых і супрацоўніцтва паміж рознымі сферамі грамадства, - адзначыў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

20 чэрвеня 2026 года Леў XIV звярнуўся да гарадскіх уладаў, грамадзянскай супольнасці і жыхароў Павіі. Сустрэча адбылася на старыжытнай плошчы Перамогі (piazza della Vittoria) у гістарычным цэнтры горада.

Папа спаслаўся на архітэктуру гэтага месца, адзначыўшы, што Павія захоўвае прыгажосць і багатую гісторыю, характэрныя для многіх еўрапейскіх гарадоў. Ён падкрэсліў, што горад – гэта не толькі будынкі і вуліцы, але ў першую чаргу супольнасць людзей, якія павінны клапаціцца адзін пра аднаго і працаваць дзеля агульнага дабра.

Пантыфік заклікаў жыхароў не быць раўнадушнымі да таго, што адбываецца вакол іх. “Калі абыякавасць здаецца разбурае нашу супольнасць, неабходна аднавіць актыўны ўдзел усіх у жыцці горада”, - сказаў ён.

“Сёння я заклікаю кожнага з вас паўтарыць у душы: мяне цікавіць наш горад! Мяне цікавіць здароўе тых, хто побач са мной; мяне цікавіць прыгажосць месца, дзе я жыву; мяне цікавіць якасць жыцця ў асяроддзі, дзе я працую і праводжу вольны час. Мяне цікавіць гэтая такая ўрадлівая раўніна, дзе кожнае поле і кожны роў нясуць сляды цярплівай працы тых, хто стагоддзямі прыслухоўваўся да рытму стварэння, адчуваючы сябе ў гармоніі з прыродай”, - дадаў Святы Айцец.

Папа звярнуў асобную ўвагу на старажытныя культурныя і адукацыйныя традыцыі Павіі. Ён адзначыў важную ролю мясцовага ўніверсітэта ў выхаванні моладзі і падкрэсліў, што навука павінна служыць чалавеку і яго развіццю. Веды дапамагаюць лепш разумець не толькі свет, але і саміх сябе, а таксама шукаць праўду і справядлівасць, прага якіх прысутнічае ў сэрцы чалавека.

Разважаючы пра сувязь веры і розуму, Леў XIV нагадаў прыклад святога Аўгустына, які ўсё жыццё шукаў праўду. Папа адзначыў, што вера і розум не супярэчаць адзін аднаму, а ўзаемна дапаўняюць. “Немагчыма верыць, не думаючы, і немагчыма асвятліць самыя высокія пытанні розуму без веры”, - сказаў ён, нагадваючы, што вера дапамагае чалавеку не губляць надзеі і памятаць, што яго жыццё мае глыбокі сэнс.

Пантыфік звярнуў увагу таксама на ролю Касцёла ў жыцці горада. Ён заклікаў яго быць агменем веры і домам, адкрытым для ўсіх, асабліва для бедных, самотных і людзей пажылога ўзросту.

Папа падзякаваў валанцёрам і ўсім, хто служыць іншым, і заклікаў заўсёды спрыяць павазе да годнасці кожнага чалавека. Ён таксама адзначыў, што крыж на гербе Павіі нагадвае пра хрысціянскія карані горада і пра важнасць супрацоўніцтва паміж грамадзянамі, грамадскімі арганізацыямі, Касцёлам і дзяржаўнымі ўстановамі дзеля агульнага дабра.
 

20 чэрвеня 2026, 18:07