Павія чакае Льва XIV: візіт пад знакам святога Аўгустына
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Парэшткі святога Аўгустына былі перанесены ў Павію – былую сталіцу лангабардскага каралеўства – у 723 годзе па ініцыятыве мясцовага караля Ліутпранда, які хацеў абараніць рэліквіі аб захопу сарацынамі. Манарх набыў парэшткі на Сардзініі, куды яны трапілі з Паўночнай Афрыкі паміж канцом VII і пачаткам VIII стагоддзя. З таго часу яны захоўваюцца ў мясцовай базіліцы Сан-П’етра-ін-Чэль-д’Ора.
Аўгустыніяне клапоцяцца пра рэліквіі з XIV стагоддзя. Сёння іх манаская супольнасць у Павіі складаецца з васьмі чалавек, але з нагоды візіту Папы тут збяруцца больш за сто яго духоўных братоў, а таксама прадстаўніцы жаночых галін ордэна.
“Мы вельмі шчаслівыя, што зможам прывітаць Льва XIV у нашым кляштары, а затым правесці яго ў базіліку Сан-П’етра-ін-Чэль-д’Ора, дзе ён зможа аддаць пашану рэліквіям святога Аўгустына, якія захоўваюцца тут”, - падзяліўся з “Vatican News” айцец Джанфранка Казаграндэ, прыёр мясцовай аўгустынскай супольнасці.
Манах адзначыў, што заклік да адзінства, з якім Папа звяртаецца да ўсяго Касцёла, адпавядае таксама аўгустынскай духоўнасці, якая заснавана на еднасці, сяброўстве і братэрскім дзяленні.
Айцец Казаграндэ расказаў, што да свайго абрання Пантыфікам Роберт Прэвост шмат разоў наведваў базіліку Сан-П’етра-ін-Чэль-д’Ора, будучы генеральным прыёрам Ордэна святога Аўгустына. Апошні раз ён быў тут у 2024 годзе ўжо ў якасці кардынала і прэфекта Дыкастэрыі па справах біскупаў з нагоды завяршэння святкавання 1300-годдзя пераносу рэліквій святога з Сардзініі ў Павію.
Пасля абрання Роберта Прэвоста Біскупам Рыма значна ўзрасла цікавасць да асобы святога Аўгустына. Пра гэта сведчаць тысячы пілігрымаў, якія штогод прыбываюць да яго магілы. У бліжэйшы час мясцовая аўгустынская супольнасць плануе распачаць шэраг ініцыятыў у рамках трохгадовай духоўнай падрыхтоўкі да святкавання 1600-годдзя смерці святога, якое будзе адзначацца ў 2030 годзе.
