Аўдыенцыя для дэлегацыі Яўрэйскага ўніверсітэта ў Іерусаліме Аўдыенцыя для дэлегацыі Яўрэйскага ўніверсітэта ў Іерусаліме

Папа: універсітэт павінен быць месцам сустрэчы і дыялогу

У часы гвалту і вострай рыторыкі ўніверсітэт павінен заставацца месцам сустрэчы і дыялогу, - заўважыў Папа падчас сустрэчы з дэлегацыяй Яўрэйскага ўніверсітэта ў Іерусаліме, якую прыняў 18 чэрвеня 2026 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Леў XIV заўважыў, што ўніверсітэты “заўсёды былі месцамі сустрэчы”, дзе студэнты і выкладчыкі аб’ядноўваюцца для сумеснага росту праз вучобу і даследаванні, “а таксама праз сяброўства і прафесійныя сувязі, якія ўзнікаюць натуральным чынам”.

“Хоць гэта не заўсёды лёгка, універсітэты павінны пастаянна працаваць над тым, каб і надалей забяспечваць магчымасці для па-сапраўднаму значных сустрэч. Гэта неад’емная частка жыцця любой вышэйшай навучальнай установы, паколькі нашы адносіны з іншымі людзьмі, нашы мовы і культуры маюць надзвычай важнае значэнне для таго, кім мы з’яўляемся як чалавечыя асобы”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што “ўніверсітэты традыцыйна былі таксама прывілеяванымі прасторамі дыялогу, дзе пошук ведаў непарыўна звязаны з абменам ідэямі паміж усімі членамі акадэмічнай супольнасці”.

Папа нагадаў, што ў атмасферы, дзе магчымы паважлівы дыялог, усе могуць паглыбляць свае веды дзякуючы досведу і сведчанню іншых, “нават тых, з кім можна не пагаджацца”. “У такім асяроддзі, праяўляючы цярплівасць і настойлівасць, можна паступова працаваць над пераадоленнем любых бар’ераў непаразумення і недаверу, якія могуць узнікаць”, - дадаў Святы Айцец.

Леў XIV пажадаў, каб “у час, які часта характарызуецца насіллем і вострай рыторыкай”, члены супольнасці Яўрэйскага ўніверсітэта і надалей маглі заставацца “будаўнікамі сапраўднага міру: бяззбройнага і такога, які абяззбройвае, пакорлівага і настойлівага, працуючы дзеля згоды паміж народамі”.

Напрыканцы прамовы Папа спаслаўся на псальмы, у якіх гаворыцца пра Бога, які абвяшчае мір свайму народу і заклікае ўсіх “быць Яго прыладамі ў нясенні міру ў свет, пачынаючы з саміх сябе”.

“Замест таго каб лічыць мір немагчымым і недасяжным, мы павінны імкнуцца пашыраць яго ў нашых супольнасцях, прымаць яго і распазнаваць у сваім жыцці. Малюся, каб універсітэцкая супольнасць, выхоўваючы міратворцаў, і надалей заставалася маяком надзеі і адзінства ў свеце, які становіцца ўсё больш падзеленым”, - дадаў Святы Айцец.
 

18 чэрвеня 2026, 10:40