Вернікі на Плошчы святога Пятра ў Ватыкане Вернікі на Плошчы святога Пятра ў Ватыкане  (@Vatican Media)

Пантыфік: удзячнасць за ахвяраванні і заклік да еднасці ў веры

На заканчэнне сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая прайшла 29 чэрвеня 2026 года ў Ватыкане, Папа падзякаваў за ахвяраванні, якія вернікі ва ўсім свеце складаюць у межах ініцыятывы “Грош святога Пятра”.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Леў XIV нагадаў, што ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла ў Касцёле ва ўсім свеце праходзіць штогадовая ініцыятыва пад назвай “Грош святога Пятра”, у межах якой збіраюцца сродкі на падтрымку дзейнасці Папы і структур Апостальскай Сталіцы.

“Шчыра дзякую ўсім, хто сваімі ахвяраваннямі падтрымлівае маё служэнне як Наступніка Пятра. Давайце працягваць супольны шлях у веры і еднасці”, - сказаў Пантыфік.

Леў XIV заўважыў, што апосталы Пётр і Павел з’яўляюцца нябеснымі апекунамі Рыма, у сувязі з чым запэўніў у сваёй духоўнай блізкасці ўсім жыхарам гэтага горада, асабліва хворым, самотным і вязням. Папа выказаў асаблівую падзяку святарам, манахам і манахіням Вечнага горада за тое, што “сваёй прысутнасцю і штодзённым служэннем яны падтрымліваюць жывым яго вялікае хрысціянскае сэрца”.

Святы Айцец прывітаў таксама рымскіх бяздомных, якія сабраліся на Плошчы Святога Пятра, каб прыняць удзел у распаўсюджванні газеты “L’Osservatore di strada” – дадатку да афіцыйнага ватыканскага друкаванага выдання “L’Osservatore Romano”. Пантыфік падзякаваў усім, хто прымае ўдзел у выданні гэтай газеты.
 

29 чэрвеня 2026, 12:46