Пошук

Моладзь падчас малітвы. Ілюстрацыйнае фота Моладзь падчас малітвы. Ілюстрацыйнае фота  (@Vatican Media)

Леў XIV – моладзі: супакой і радасць немагчыма знайсці без Бога

Сапраўдны супакой і дасканалая радасць – гэта дары Бога, якія мы атрымліваем, калі адкрываемся Яму і давяраем Яго моцы змяняць нас, - нагадаў моладзі Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

19 чэрвеня 2026 года Леў XIV скіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў летніх моладзевых канферэнцый, якія ўжо на працягу пяцідзесяці гадоў арганізуюцца ў ЗША Францішканскім універсітэтам Сцюбенвіля. Спаслаўшыся на 800-годдзе з дня смерці святога Францішка Асізскага, якое будзе адзначацца ў кастрычніку, Папа падзяліўся з моладдзю думкамі пра сапраўдны супакой і дасканалую радасць, бо гэтыя тэмы былі важнай часткай яго жыцця.

“Калі б у XIII стагоддзі вы сустрэлі святога Францішка на вуліцах Асізі, ён, верагодна, паглядзеў бы на вас спакойнай і любячай усмешкай і сказаў бы: “Супакой і дабро”. Менавіта так святы Францішак часта вітаўся з людзьмі, і гэта выражае адно з жаданняў, якія ён насіў у сваім сэрцы. Мы таксама можам запытацца: ці жадаю я сапраўднага супакою тым, хто сустракаецца са мной? Ці стаўлюся я да іншых так, каб несці ім супакой?”, - прапанаваў задумацца Леў XIV.

Пантыфік прызнаў, што гэта не заўсёды лёгка: “часам нашы паводзіны, нават у адносінах да тых, каго мы вельмі любім, могуць прыносіць расчараванне і канфлікт замест супакою”, але “трэба памятаць, што святы Францішак здолеў сеяць супакой не ўласнымі намаганнямі, але таму, што меў у сабе крыніцу сапраўднага супакою”.

“Я часта казаў, што супакой – гэта Божы дар, які мы атрымліваем, калі запрашаем Пана ўвайсці ў наша сэрца. Мы пакліканы стаць прыладамі Яго супакою, несучы яго ў нашы сем’і, грамадствы, краіны і ўвесь свет. Таму я хацеў бы запрасіць вас скарыстацца момантамі цішыні падчас гэтай канферэнцыі, каб адкрыць супакой Хрыста, які Ён абяцаў даць сваім вучням”, - заахвоціў юнакоў і дзяўчат Святы Айцец.

Папа нагадаў, што святы Францішак таксама быў вядомы як чалавек асаблівай радасці: “ён радаваўся прыгажосці стварэння, бясконцай дабрыні і міласэрнасці Бога, навяртанню грэшнікаў”.

“І ўсё ж вас можа здзівіць тое, як аднойчы ён растлумачыў, што такое дасканалая радасць. Адной зімовай ноччу, вяртаючыся пешшу ў Асізі разам з братам Леонам, адным з першых членаў францішканскага ордэна, святы Францішак пачаў пералічваць рэчы, якія на першы погляд “добрыя”, але не прыносяць дасканалай радасці. У нейкі момант брат Леон усклікнуў: “Ойча Францішак, скажы, дзе можна знайсці дасканалую радасць!”. Адказваючы, святы апісаў драматычную сітуацыю, якая ўключала пакуты ад холаду, голаду і непрыняцця – супрацьлеглую той, якой можна было б пажадаць, – дадаўшы, што калі гэтыя цяжкасці прымаюцца з цярпеннем, без скаргаў і з любоўю да Бога, “гэта і ёсць дасканалая радасць”, - сказаў Пантыфік.

Леў XIV падкрэсліў, што радасць у цяжкіх абставінах магчыма адчуваць толькі тады, “калі наша жыццё заснавана на нашых адносінах з Богам як з любячым Айцом”.

“Насамрэч радасць святога Францішка, тая радасць, пра якую ён казаў, не можа быць знойдзена праз электронныя прылады, праз гадзіны перад экранам або бясконцае пракручванне сацыяльных сетак кожны дзень. У такіх занятках часта марнуецца каштоўны час, які мог бы быць выкарыстаны для момантаў малітоўнай цішыні, для развіцця сапраўдных сяброўскіх адносін, для якаснага часу з сям’ёй, для паглыблення веры, вучобы або заняткаў спортам. Радасць ніколі не варта шукаць праз ужыванне наркотыкаў, злоўжыванне алкаголем, распусту, павярхоўныя адносіны, апантаную заклапочанасць уласным вобразам або любыя іншыя шкодныя паводзіны. І, што дзіўна, яе нельга знайсці нават у багацці, прыгажосці, славе ці нават здароўі, бо ўсё гэта мы аднойчы пакінем”, - заўважыў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што “толькі Божая любоў можа даць нам сапраўдную і дасканалую радасць”. “Калі мы глыбока перакананыя, што Бог клапоціцца пра нас як пра сваіх любімых дзяцей, мы не будзем разгубленыя ці расчараваныя нават у складаных сітуацыях”, – сказаў ён, заклікаўшы моладзь развіваць даверлівыя адносіны з Богам праз рэгулярную малітву і прыняцце сакрамэнтаў. “Калі вы даверыцеся Яму, тады трывога, смутак і адзінота знікнуць, а Яго ласка напоўніць вас і Яго любоў запаліць ваша сэрца. Гэта і ёсць сакрэт таго, як з усмешкай сустракаць складаныя абставіны. Адкрыйце свае сэрцы, каб адкрыць гэтую рэальнасць”, - параіў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што “сапраўдны супакой і дасканалая радасць – гэта Божыя дары, якія атрымліваем, калі адкрываемся Яму і давяраем Яго моцы змяняць нас”.

“Што мы можам даць Яму ў адказ за такую вялікую любоў, за такія шчодрыя дары? Нічога, акрамя саміх сябе! Сёння Пан мае патрэбу ў місіянерах, якія нясуць Божае слова тым, хто Яго не ведае, у святых мужчынах і жанчынах, якія ствараюць любячыя каталіцкія сем’і, у святарах, якія будуць духоўнымі айцамі і служыцелямі сакрамэнтаў, а таксама ў кансэкраваных асобах, якія сведчаць пра сапраўдную радасць Яго Валадарства. Калі вы адчуваеце, што Пан, магчыма, кліча вас да аднаго з гэтых пакліканняў, не замыкайцеся ў сабе і не адыходзьце са страху, але зрабіце крок наперад і скажыце Пану: “Вось я, пашлі мяне”. І не бойцеся гаварыць пра гэта з кімсьці, каму давяраеце – сябрам, святаром або манахіняй”, - заахвоціў моладзь Святы Айцец.
 

19 чэрвеня 2026, 10:55