Пошук

Леў XIV – моладзі: з Богам жыццё адраджаецца заўсёды

Падчас сустрэчы з моладдзю, якая прайшла ўвечары 9 чэрвеня 2026 года на Алімпійскім стадыёне імя Луіса Кампаніса ў Барселоне, Леў XIV адказаў на пытанні маладых вернікаў, якія падзяліліся сваімі праблемамі і сумневамі ў асабістым і духоўным жыцці.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Малады чалавек, які нядаўна прыняў хрост, спытаў у Папы, як у сучасным свеце захоўваць увагу на тым, што сапраўды важнае, калі грамадства часта прымушае засяроджвацца толькі на сабе і павярхоўных рэчах. У адказ Пантыфік падкрэсліў, што імкненне да праўды і шчасця натуральна ўласцівае чалавеку, які створаны для больш глыбокай перспектывы і пакліканы да ўнутранага росту, таму важна не заглушаць “здаровы неспакой” камфортам і выгодамі, а працягваць шукаць сэнс жыцця.

Леў XIV таксама падкрэсліў неабходнасць знаходзіць час для цішыні, чытання Евангелля, малітвы і духоўнага суправаджэння, каб лепш бачыць Бога ў рэальнасці і развіваць крытычнае мысленне адносна несправядлівых сацыяльных структур.

Другое пытанне задала дзяўчына, якая падчас дэпрэсіі спрабавала ўчыніць самагубства. Яна спыталася Папу як людзям знайсці надзею, калі жыццё здаецца толькі непрагляднай цемрай.

Пантыфік заўважыў, што дэпрэсія часта сустракаецца ў развітых грамадствах, у тым ліку сярод моладзі, што з’яўляцца адным са знакаў памылковасці сучаснай мадэлі развіцця, якая прымушае людзей знаходзіцца ў пастаянным стане напружанасці. Ён пажадаў, каб сістэмы аховы здароўя былі ўважлівымі да гэтай праблемы.

Папа параіў у такія моманты не губляць даверу да Бога і звяртацца да Яго ў малітве. “Перад абліччам самых складаных і балючых сітуацый, калі здаецца, што Бог адсутнічае, мы павінны яшчэ раз даверыць Яму цяжар, які носім у сэрцы, усклікаючы да Яго, нават пратэстуючы, як Ёў, з упэўненасцю, што Ён нейкім чынам прысутнічае і знаходзіцца побач, нават калі здаецца, што Ён маўчыць”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік таксама адзначыў важнасць падтрымкі з боку іншых людзей. “У гадзіны болю, прынамсі, наколькі гэта магчыма, мы павінны адкрыцца камусьці, хто дапаможа нам вымавіць простую малітву, хто будзе далікатна суправаджаць нас, не спяшаючыся растлумачыць нам гэты боль, хто возьме нас за руку і дапаможа нам выйсці з гэтага крыку. Такія досведы нясуць пасланне і нам, вернікам, і ўсяму Касцёлу: мы не павінны спірытуалізаваць пакуты, павярхоўна зводзячы іх да “Божай волі” ці да нейкай Яго таямнічай задумы, таму што гэта можа прывесці да прыніжэння значэння цярпення, заглушаць яго, раніць людзей. Бог не хоча пакут, Ён пераносіць іх разам з намі і заклікае нас няспынна давяраць Яму. Успомнім, што казаў Папа Францішак: з Богам жыццё адраджаецца заўсёды”, - дадаў Леў XIV.

Трэцяе пытанне задала дзяўчына, якая перажыла цяжкую сямейную трагедыю: яе бацька апынуўся ў турме, пасля таго, як падчас спробы забіць яе маці, забіў маладога чалавека, што прыйшоў на дапамогу. Затым яе маці трапіла ў залежнасць ад наркотыкаў, а дзяўчына выхоўвалася ў новай сям'і. Яна прызналася, што гэты трагічны досвед паўплываў на яе адносіны з Богам, да якога яна пастанна звяртаецца з пытаннем: “Дзе Ты быў, калі я была маленькай?”. Маладая іспанка спыталася ў Святога Айца як ёй прабачыць бацьку і прыйсці да прымірэння з Панам.

Пантыфік спачатку адзначыў важнасць увагі да выпадкаў гвалту ў сям’і. Ён падкрэсліў, што праблема патрабуе адказнасці кожнага чалавека і ўсяго грамадства, а не перакладання яе на Бога. Бог даў чалавеку розум, свабоду і сумленне, а таксама паказаў шлях праз Езуса Хрыста, каб будаваць жыццё, заснаванае на справядлівасці, міры і братэрстве. Таму, калі ў свеце пануюць гвалт і эгаізм, неабходна аналізаваць уласныя паводзіны і грамадскія структуры, а не вінаваціць Бога ў чалавечых дзеяннях, адзначыў ён.

Леў XIV заўважыў, што прымірэнне гэта доўгі працэс і шлях унутранага аздараўлення. Яно не з’яўляецца імгненнай здольнасцю, але патрабуе часу, цярплівасці і пастаяннага адкрыцця на Божую дапамогу, каб паступова ператварыць крыўду у міласэрнасць і спачуванне. “Неабходна не апускаць рукі: да прабачэння прыходзяць малымі крокамі”, - дадаў Папа.

“Прымірэнне з гісторыяй – гэта паступовы працэс, і, перш за ўсё, мы не павінны думаць, што прабачэнне заўсёды і ў кожным выпадку азначае вяртанне да папярэдняй сітуацыі або паўнавартаснае жыццё з чалавекам, які нас пакрыўдзіў, асабліва калі інцыдэнт характарызаваўся гвалтам. Мы можам захоўваць добрае сэрца да чалавека, адкідаць любую форму нянавісці або помсты, імкнуцца як мага лепш наладзіць адносіны і, магчыма, нават маліцца за яго ці яе: гэта дапамагае нам яшчэ глыбей увайсці ў дынаміку прабачэння і прымірыцца з Богам і з іншымі”, - падкрэсліў Святы Айцец.
 

09 чэрвеня 2026, 21:17