Леў XIV – скаўтам: будуйце жыццё на Евангеллі і служэнні

Папа заклікаў скаўтак і скаўтаў Еўропы да жыцця, у якім вера, служэнне і клопат пра бліжняга становяцца штодзённым шляхам, а Евангелле – “навігатарам” чалавечага і духоўнага росту.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

1 чэрвеня 2026 года Леў XIV сустрэўся ў Ватыкане з членамі Італьянскай асацыяцыі каталіцкіх скаўтак і скаўтаў Еўропы, якая сёлета адзначае сваё 50-годдзе. Пантыфік пажадаў сваім гасцям, каб гэты юбілей стаў для іх быццам новай Пяцідзясятніцай і дзякуючы Святому Духу дапамог “знаходзіць усё новыя і новыя спосабы для сведчання пра прыгажосць веры”, паступаючы справядліва ў кожным жыццёвым рашэнні і кожнай справе.

Папа заўважыў, што каталіцкія скаўцкія лідары, выкарыстоўваючы метад Бадэн-Паўэла, “суправаджаюць хлопцаў і дзяўчат да сустрэчы з Езусам – Настаўнікам добрага жыцця, верным Сябрам, справядлівым і моцным Правадыром на нашым шляху”. “Жыццё на свежым паветры, кантакт з прыродай – гэта неад’емныя вымярэнні вашай дзейнасці, якія кажуць пра дабрыню Бога праз сляды, якія сам Творца пакінуў у стварэнні”, - падкрэсліў ён.

“Да кнігі прыроды вы мудра далучаеце Божае слова, якое захоўвае сэнс гісторыі і падтрымлівае падчас жыццёвых выпрабаванняў. Заклікаю вас наталяцца Святым Пісаннем, як крыніцай свежай вады, каб асвятляць і падтрымліваць ваш досвед чалавечага і духоўнага росту – як у асабістым, так і ў супольным вымярэнні. Як казаў Папа Францішак, “заклікаю вас заўсёды мець пры сабе, як ваш навігатар, Евангелле – сапраўдную карту жыцця – і адкрываць яго кожны дзень”, - сказаў Леў XIV.

Пантыфік падкрэсліў, што “Евангелле – гэта значна больш, чым кніга: гэта сама асоба Хрыста, Добрая навіна для чалавецтва, разгубленага, падманутага, расчараванага многімі бедамі”. “Хрыстус спаталяе нашу прагу справядлівасці і праўды і надзяляе нас мужнасцю трываць у дабры і асабіста служыць бліжняму. У гэтым абавязку вы з’яўляецеся сведкамі для даручаных вам дзяцей: паслядоўнасць вашага жыцця і сталасць вашага выбару – вельмі важны прыклад у іх вачах, які дапамагае ім расці. Разам з імі перажывайце прыгажосць веры ў штодзённых справах і сумеснай малітве, сакрамэнтах і распазнанні паклікання кожнага: велікадушна адказвайце на заклік Хрыста, які запрашае вас узысці на вяршыню, адплыць на глыбіню, разам ісці сцежкай цнотаў”, - заклікаў Святы Айцец.

Леў XIV станоўча адзначыў педагагічны падыход асацыяцыі, які прадугледжвае асобнае выхаванне хлопцаў і дзяўчат, дазваляючы надаваць кожнаму падлетку адмысловую ўвагу і дапамагаючы ім глыбей пазнаваць фундаментальныя рысы быцця мужчынам і жанчынай, што спрыяе іх далейшай свядомай сустрэчы з іншымі і ўзаемнаму сталенню.

“У гэты такі складаны гістарычны перыяд я таксама цаню ваш выбар развіваць у асацыяцыі вымярэнне еўрапеізму – не на палітычным, а на культурным узроўні, аднаўляючы абавязак будаваць Еўропу народаў, а не толькі бізнесу, аб’яднаную найвышэйшымі каштоўнасцямі хрысціянскага гуманізму”, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа нагадаў, што сэрцам скаўцкага метаду з’яўляецца служэнне бліжняму. “Служыць азначае аддаваць свае здольнасці і свой час у распараджэнне іншых, цалкам бескарысліва, не чакаючы нічога ўзамен. Праз служэнне развіваюцца альтруізм, салідарнасць, увага да бліжняга і пачуццё сацыяльнай адказнасці. Перажытае ў веры, служэнне вызваляе нас ад тэндэнцыі быць засяроджанымі на сабе, абыякавымі і закрытымі, адкрываючы нас для досведу супольнасці і пачуцця адказнасці: ад дробных рэчаў, зробленых добра, да ўзаемнага клопату. Прыгода скаўтынгу дапамагае адкрыць, як наша чалавечнасць асвятляецца і залучаецца ў справу Бога, сапраўднага выхавацеля ўсіх нас”, - сказаў Святы Айцец, запэўніўшы сваіх гасцей у малітве аб дарах Святога Духа, каб яны “ўмелі гаварыць і пашыраць мову любові, прыняцця і супакою”.
 

01 чэрвеня 2026, 12:42