Пошук

Леў XIV: тэхналогіі – карысныя, але не павінны замяняць сяброў

Папа нагадаў дзецям пра важнасць балансу паміж тэхналогіямі і рэальным жыццём, заклікаўшы іх развіваць крытычнае мысленне, не забываць пра сяброў, сям’ю і малітву.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

22 чэрвеня 2026 года Леў XIV сустрэўся з удзельнікамі летняга лагера для дзяцей, які праходзіць у Ватыкане, і адказаў на іх пытанні пра выкарыстанне электронных прылад.

Дзеці расказалі Папу, што ў летнім лагеры ім вельмі падабаецца праводзіць час без смартфонаў, але дома яны амаль не могуць адарвацца ад экрана: часта адчуваюць, што тэхналогіі іх “захопліваюць”, і баяцца страціць сапраўдных сяброў або замкнуцца ў сваім свеце. Ад імя прысутных адзін хлопчык спытаўся ў Святога Айца, як заставацца “чэмпіёнамі ў тэхналогіях” і разам з тым не забываць пра сяброў.

У сваім адказе Пантыфік заўважыў, што “тэхналогія можа быць вельмі карыснай і служыць нам у многіх рэчах, але калі мы разам, няма неабходнасці ўвесь час трымаць у руках тэлефон або планшэт”.

“Вельмі важна сябраваць, быць разам, гуляць разам, магчыма нават вучыцца разам як людзі, а не як камп’ютары або машыны, як тэхна-робаты. Мы – людзі, асобы, і кантакт з іншымі вельмі важны”, - падкрэсліў ён.

Папа адзначыў, што гэты прынцып важны таксама ў сям’і, дзе трэба вучыцца размаўляць, гуляць, быць разам і нават супольна маліцца, а не сядзець кожнаму ў сваіх электронных прыладах.

“Важна быць свабоднымі ад гэтых рэчаў, якія самі па сабе могуць быць вясёлымі, карыснымі, добрымі, але значна важней развіваць нашу чалавечнасць праз сяброўства, размовы і ўсё тое, што вы цяпер робіце тут у гэтыя месяцы”, - сказаў ён.

Святы Айцец нагадаў, што ў дадатках нярэдка ўбудаваны механізмы, якія робяць нас залежнымі. “Таму часта дапамагае ставіць сабе межы: казаць: “пасля пэўнай гадзіны я больш не гляджу ў смартфон”, “у пэўны час я лепш размаўляю з сям’ёй, мы стараемся быць разам”. Думаю, што гэта дапаможа крыху адарвацца”, - параіў Папа.

Леў XIV нагадаў дзецям, што “мы не падключаныя да кабеля” – мы людзі, якія пакліканы развіваць чалавечае, а таксама духоўнае вымярэнне свайго жыцця: “шукаць Бога ў малітве, шукаць Бога разам у сям’і, жыць крыху больш свабодна ад залежнасці ад тэхналогій”.

Падчас сустрэчы Пантыфік таксама нагадаў што нельга цалкам давяраць тэхналогіям. У якасці прыкладу ён прывёў GPS-навігатары, якія часам могуць весці памылковым шляхам. Папа расказаў, што з ім здараліся такія сітуацыі падчас падарожжаў, калі цалкам даверыўшыся навігатару ён не мог даехаць да сваёй мэты.

У сувязі з гэтым Святы Айцец параіў дзецям не быць занадта залежнымі ад тэхналогій, але вучыцца самім думаць і мець крытычнае мысленне, разумець, куды мы ідзём у жыцці і ў падарожжах. Трэба выкарыстоўваць розум, які даў нам Бог, і не спадзявацца толькі на смартфон, - сказаў ён. “Той, хто добра падрыхтаваны, нават калі здараецца нешта нечаканае, заўсёды можа знайсці рашэнне”, - падкрэсліў Леў XIV.
 

22 чэрвеня 2026, 13:01