Леў XIV: "Саграда Фамілія" вядзе да сустрэчы з Хрыстом
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Увечары 10 чэрвеня 2026 года прыбыў у адзін з галоўных сімвалаў сталіцы Каталоніі – славутую базіліку "Саграда Фамілія". Перад храмам яго сустрэў кароль Іспаніі Філіп VI. Папа наведаў крыпту сабора і магілу яго архітэктара – Антоніа Гаўдзі. Затым ён узначаліў літургію, падчас якой чытанні і малітвы гучалі на іспанскай і каталонскай мовах.
“Узносячы падзяку Богу за Яго любоў да нас, мы праслаўляем Яго за тое, што Ён здзяйсняе ў нашым жыцці. Мы асабліва дзякуем Яму за гэту надзвычайную базіліку, якую Папа Бэнэдыкт XVI пасвяціў у 2010 годзе, нагадаўшы, што яна з’яўляецца бачным знакам нябачнага Бога, у гонар якога ўзносяцца яе вежы”, - сказаў у гаміліі Пантыфік.
Святы Айцец заўважыў, што незавершанасць базілікі не з’яўляецца недахопам, але сімвалізуе шлях веры – яна заклікае ўсіх да пастаяннага духоўнага росту і перамогі над грахом.
“Калі мы не верым у Езуса Хрыста, мы застаёмся ў граху і прыводзім да смерці не толькі сябе, але і бліжняга. Дарагія, мы не можам верыць у Езуса і весці вайну. Мы не можам верыць у Езуса і забіваць нявіннага яшчэ да яго нараджэння. Мы не можам верыць у Езуса і пакідаць таго, хто пакутуе, хто плача, хто ўцякае ад беднасці”, - нагадаў Леў XIV.
“Гледзячы на вежу Езуса Хрыста, мы ўзнімаем позірк да Яго – да Таго, хто адкрывае нам праўду пра Бога і пра нас саміх. Гледзячы на Хрыста, мы можам бачыць свет абноўленымі вачыма: вежа Крыжа становіцца знакам любові, бо Бог любіць нас так – ператвараючы прыладу смерці ў знак надзеі. У Крыжы Езуса наша вера дасягае вяршыні, як сведчыць надпіс у падножжы вежы: “Tu solus Sanctus, Tu solus Dominus, tu solus Altissimus”. Гэты Крыж ззяе ўдзень, адбіваючы святло сонца, і ззяе ўначы, асвятляючы горад як маяк над Міжземным морам”, - падкрэсліў Леў XIV.
Пантыфік заўважыў, што Антоніа Гаўдзі, “архітэктар, напоўнены верай”, задумаў прастору базілікі, “жадаючы распавесці таямніцы жыцця Пана” – “так ён прапанаваў нам духоўную пілігрымку, якая вядзе да сустрэчы з Хрыстом, народжаным, укрыжаваным і ўваскрослым дзеля нас”.
“Разам з Гаўдзі, з нагоды стогадовай гадавіны яго смерці, мы ўспамінаем і дзякуем сёння ўвечары ўсім ініцыятарам і дабрадзеям, мастакам і майстрам, якія ўдзельнічаюць у стварэнні архітэктурнага шэдэўра, які з’яўляецца таксама красамоўнай катэхезай з каменя, колеру і святла. У сваёй мудрасці Касцёл такім чынам абнаўляе “Біблію для бедных” старажытных катэдраў, якія самі па сабе з’яўляюцца багатымі пасланнямі евангелізацыі. У гэтым храме вобразаў яшчэ больш відавочна, што мастацтва і прыгажосць з’яўляюцца выдатнымі каналамі евангелізацыі”, - сказаў ён.
“Дарагія браты і сёстры, прыгажосць гэтага храма няхай натхняе нас усё больш вучыцца ў нашага Настаўніка і Пана мастацтву жыцця паводле Яго Евангелля. Узнімаючы позірк да Яго, Укрыжаванага і Уваскрослага, давайце будзем імкнуцца падымаць твар тых, хто ў пыле. І так мы пакажам, што "Саграда Фамілія" – гэта не храм, які імкнецца да зямной славы, але які накіроўвае крокі Божага народа, што пілігруе ў Іспаніі, з крыжам, які асвятляе шлях, як светач падчас чакання вяртання Жаніха”, - завяршыў гамілію Папа.
Пасля святой Імшы Пантыфік здзейсніў благаслаўленне найвышэйшай вежы сабора, прысвечанай Езусу Хрысту, якая была дабудавана напрыканцы 2025 года і ўзвышаецца на 172,5 метры, робячы "Саграда Фамілія" самым высокім храмам у свеце.
