Пошук

Леў XIV: адказаць на любоў Бога любоўю да братоў

Любоў – гэта ўмова паўнаты чалавечага жыцця, - нагадаў Леў XIV падчас святой Імшы, якую ўзначаліў увечары 11 чэрвеня 2026 года на гарадскім стадыёне Лас-Пальмаса, завяршаючы першы дзень свайго візіту на Канарскія астравы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

На пачатку гаміліі Папа заклікаў памаліцца за “душы братоў і сясцёр, якія згубілі жыццё ў моры”. Спасылаючыся на ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, у вігілію якой прайшла цэлебрацыя, ён заахвоціў прасіць Бога аб пачуццях “чалавечнасці, міласэрнасці і спагады”, уласцівых Сэрцу Збаўцы, якому прысвечана Іспанія.

Нагадваючы пра верную і бескарыслівую любоў Бога, Пантыфік падкрэсліў, што менавіта яна знаходзіцца ў аснове паклікання хрысціян да любові. “Любоў – гэта прыроджаная ўласцівасць чалавека, больш за тое – яна з’яўляецца ўмовай паўнаты яго жыцця”, - дадаў Святы Айцец.

Леў XIV працытаваў словы Францішка, які, кажучы аб Хрыстовай любові, заўважаў, што “найлепшы адказ на любоў Ягонага Сэрца – гэта любоў да братоў”, і дадаваў: “няма большага жэсту, які мы можам прапанаваць, каб адказаць любоўю на любоў”.

“Адказаць любоўю на любоў”: вось той цудоўны абмен, “admirabile commercium”, у які Евангелле запрашае нас уключыцца, выяўляючы бясконцую меру любові Бога ў шчодрасці, з якой мы служым Яму кожны дзень у братах і сёстрах, якіх Ён Сам ставіць на нашым шляху, асабліва ў самых патрабуючых, безабаронных, няздольных адказаць узаемнасцю. Менавіта так і адбываецца на гэтым востраве: у прыёме, дзяленні, бескарыслівым дары”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік падкрэсліў, што Евангелле заклікае клапаціцца пра людзей, якія пакутуюць, і пажадаў, каб гэты заклік знаходзіў выраз не толькі ў аказанні разавай дапамогі, а ў спрыянні інтэграцыі мігрантаў і бедных у грамадства, што “стане магчымасцю пасеяць зерні надзеі на шляху чалавецтва да лепшай будучыні”.

Папа заўважыў, што яшчэ адной рысай Найсвяцейшага Сэрца Езуса з’яўляецца пакора – неабходная якасць для любові. “Нярэдка дабрабыт асляпляе нас, і мы пачынаем думаць, што шчасця можна дасягнуць толькі тады, калі можна абысціся без іншых. Езус, аднак, вучыць нас, што, каб адчуць сапраўдную радасць жыцця, якая заключаецца ў любові, неабходна сысці з п’едэстала высакамер’я, якое раздзяляе, каб сустрэцца ў пакоры, якая робіць нас братамі”, - дадаў ён.

“Святы Аўгустын казаў: “Там, дзе любоў, там мір, а там, дзе пакора, там любоў”. Менавіта так. Там, дзе ёсць сапраўдная пакора, ёсць любоў, а там, дзе ёсць любоў, ёсць мір, бо толькі ў пакоры мы сапраўды пазнаём, хто мы, і таму можам любіць адзін аднаго, сустракацца, дарыць сябе і прабачаць адзін аднаму ў праўдзе”, – сказаў Папа.

Пантыфік заклікаў вернікаў памятаць, што хрысціяне з’яўляюцца жывой прысутнасцю Хрыста ў свеце. “Запаленыя любоўю Яго Сэрца, давайце станем носьбітамі Яго любові і міру, каб у свеце спыніліся войны і вакол нас расло новае чалавецтва, прыміранае ў любові”, - завяршыў гамілію Папа.
 

11 чэрвеня 2026, 20:20