Пошук

Папа падчас удзелення прэзбітэрскага пасвячэння. Ілюстрацыйнае фота Папа падчас удзелення прэзбітэрскага пасвячэння. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Леў XIV – святарам: мы пакліканы ўдзельнічаць у святасці Бога

Папа скіраваў пасланне з нагоды Дня малітвы аб святасці святароў, які адзначаецца ў Касцёле 12 чэрвеня 2026 года, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“У дзень, калі Касцёл сузірае прабітае Сэрца свайго Пана, з якога выліваецца невычэрпная крыніца супакою і адзінства для ўсяго чалавецтва, я скіроўваю найперш да сябе і да ўсіх вас словы, з якімі Бог звярнуўся да народа Ізраэля: “Будзьце святымі, бо Я, Пан, Бог ваш, святы”, - напісаў Пантыфік.

“Святасць – гэта не адна з многіх опцый і не абстрактны ідэал: яна закранае тоеснасць кожнага чалавека, які хоча ўдзельнічаць у жыцці Уваскрослага”, - дадаў ён.

Леў XIV заўважыў, што заклік да святасці з’яўляецца асабліва патрабавальным для святароў, бо Пан абяцаў даць народу пастыраў паводле Яго Сэрца, а гэта значыць, што шлях да святасці ляжыць праз фармаванне сэрца паводле Сэрца Божага.

“Менавіта тут выяўляецца вялікі парадокс нашага святарскага жыцця: мы пакліканы ўдзельнічаць у самой святасці Бога, але носім гэты скарб у гліняных сасудах; мы абмежаваныя і недасканалыя, часта пазначаныя слабасцямі і стомленасцю, часам – ранамі. Як можа чалавечае сэрца, такое ўразлівае, адказаць на такі высокі заклік? Святар перажывае гэты канфлікт, але ведае, дзе знайсці спакой: у адкрытым баку Пана Езуса”, - напісаў ён.

Пантыфік нагадаў, што “яднанне нашага сэрца з Сэрцам Хрыста” – гэта не заданне для нешматлікіх выбраных, а “сакрамэнтальны, эўхарыстычны шлях, які здзяйсняецца ў паўсядзённасці”.

“Дарагія браты, у пасвячэнні мы прыпадобніліся да Хрыста, але мы павінны заўсёды ажыўляць у сабе дар ласкі праз штодзённую цэлебрацыю Эўхарыстыі, малітву, разважанне над Божым Словам, пакорнае служэнне братам і сёстрам. Давайце будзем заставацца з’яднанымі з Хрыстом ва ўсім: у тым, што робім, і ў тым, што з намі адбываецца штодня”, - заклікаў Леў XIV.

Святы Айцец заўважыў, што сучасны свет мае вялікую патрэбу ў пастырах, здольных будаваць мір, даючы сведчанне прыміранага сэрца, якое распаўсюджвае добры водар святасці Хрыста, збіраючы рассеяных і лечачы параненых.

“Адказ на пакліканне быць святымі заключаецца не столькі ў аскетычных намаганнях і імкненні да дасканаласці, пры ўсёй іх неабходнасці, колькі ў даверлівым прыняцці любові, аб’яўленай у прабітым Сэрцы Езуса”, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа адзначыў, што святасць святара выяўляецца ў пакорнай і мужнай блізкасці да людзей. “Для гэтага ад нас патрабуюцца такія адносіны з Богам, якія б не аддалялі нас ад людзей, а рабілі блізкімі да ўсіх, якія б фармавалі б сэрцы цярплівыя, далікатныя, здольныя да блізкасці, спачування і слухання. Так, праз яднанне нашага недасканалага сэрца з прабітым Сэрцам Езуса здзяйсняецца наш шлях святасці. Ужо не мы жывем, а жыве ў нас Хрыстус”, - заўважыў Святы Айцец.

Пантыфік адзначыў, што “такая святасць не пражываецца ў адзіноце”. “Клапаціцеся пра святарскае братэрства: шукайце адзін аднаго, слухайце адзін аднаго, падтрымлівайце адзін аднаго. Святар, які ізалюецца, павольна згасае; святар, які ідзе разам з братамі, расце”, - падкрэсліў ён.

“Дарагія святары, кожны дзень аднаўляйце сваё “вось я” перад прабітым Сэрцам Хрыста. Цалкам аддайце сябе Яму, каб вы маглі любіць Яго народ той самай любоўю, якою Ён яго любіць. І з радасцю памятайце, як любіў паўтараць святы Пробашч з Арса, што “святарства – гэта любоў Сэрца Езуса”, - напісаў Леў XIV.
 

12 чэрвеня 2026, 12:42