2021.02.26 interruzione vita, tutela vita, aborto

Святы Айцец падтрымаў брытанскіх бацькоў, якія страцілі дзіця

Леў XIV скіраваў пасланне на “Дзень жыцця” ў Брытаніі і Ірландыі, выказаўшы малітоўную блізкасць бацькам, якія перажываюць трагедыю страты немаўляці або дзіцяці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал П'етра Паралін перадаў арцыбіскупу Джону Шэрынгтану, адказнаму за пытанні жыцця ў Канферэнцыі Біскупаў Англіі і Уэльса, словы падтрымкі ад Святога Айца.

Гэтае прывітанне прымеркавана да “Дня жыцця”, які католікі Англіі, Уэльса, Шатландыі і Ірландыі будуць адзначаць у нядзелю 21 чэрвеня 2026 года.

Папа выказвае радасць з нагоды абранай тэмы, прысвечанай цуду поўнай чалавечнасці дзіцяці ва ўлонні маці. Ён таксама адзначае намаганні касцельнай супольнасці па падтрымцы маці і бацькоў, якія сутыкнуліся са стратай немаўляці.

Асаблівую малітоўную ўвагу Пантыфік удзяляе бацькам, якія смуткуюць пасля трагічнай смерці дзіцяці. Ён просіць, каб яны знайшлі суцяшэнне і спакой у спазнанні Божай любові, "бо для Яго ўсе жывыя". Святы Айцец выказаў спадзяванне на тое, што гэтыя маці і бацькі знойдуць неабходную падтрымку ў касцельнай супольнасці. На яго думку, асаблівай апораю павінна стаць жыццё, напоўненае малітвай і сакрамэнтамі.

Кожнае чалавечае жыццё мае бясконцую годнасць ад моманту зачацця

У пасланні згадваецца нядаўняя энцыкліка Льва XIV "Magnifica humanitas". У ёй Папа нагадвае, што кожная чалавечая істота надзелена бязмежнай годнасцю проста ў сілу існавання, таго, што яна была пажадана, створана і палюблена Богам" Гэтая боская любоў напаўняе сэнсам усё існаванне чалавека. Яна не заканчваецца са смерцю, але запрашае нас да новай паўнаты ў вечнасці.

Дзякуючы за трывалае сведчанне пра цудоўны дар жыцця ва ўсёй яго велічы, Святы Айцец удзяліў усім удзельнікам святкавання апостальскае благаслаўленне.

Сёлета “Дзень жыцця” ў Брытаніі адзначаецца пад агульнай тэмай "Цуд дзіцяці ва ўлонні маці". Ён прысвечаны паглыбленню ўсведамлення сэнсу і каштоўнасці чалавечага жыцця на кожным этапе і ў любых умовах.

На інтэрнэт-старонцы брытанскай біскупскай канферэнцыі даступныя рэсурсы для дапамогі парафіям і вернікам. Сродкі для падтрымкі касцельнай працы ў абарону жыцця можна будзе перадаць праз адмысловы збор у нядзелю або праз анлайн-ахвяраванне.
 

17 чэрвеня 2026, 09:28