Леў XIV дзеячам культуры: ткаць сеткі абноўленага грамадства
Марыя Валодзіна - Vatican News
Увечары 7 чэрвеня 2026 года на вялікай крытай арэне “Movistar” у Мадрыдзе адбылася сустрэча Папы з дзеячамі культуры, мастацтва, эканомікі і спорту.
Прыбыўшы ў палац спорту, дзе яго сустракаў арцыбіскуп Мадрыда кардынал Хасэ Коба Кана, Леў XIV прайшоў на сцэну пешшу, вітаючы па дарозе шматлікіх вернікаў. Пасля прывітальнай песні і кароткага звароту кардынала Коба гучалі сведчанні і выступленні прадстаўнікоў розных сфер культуры і грамадскага жыцця краіны. Сярод іх былі акцёр Антоніа Бандэрас і рэктар Мадрыдскага ўніверсітэта Хасэ Марыя Каэльё дэ Партугал. Танцоўшчыца Сара Барас выканала фламенка. Сваімі сведчаннямі падзяліліся прадстаўнікі свету эканомікі і працы: прадпрымальнікі і прафсаюзныя дзеячы, а таксама дзве спартсменкі Караліна Марын і Тэрэза Пералес.
Затым з прамовай да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуўся Святы Айцец. Ён нагадаў, што культурная спадчына Іспаніі – гарады і помнікі, універсітэты і святыні, музыка, жывапіс, танцы і кухня – сведчыць пра творчасць пакаленняў і іх духоўную сілу, якая фарміруе ідэнтычнасць народа. Гледзячы на цуды, створаныя папярэднімі пакаленнямі, непазбежна ўзнікае пытанне: якую спадчыну мы пакінем наступным пакаленням, якое грамадства мы будуем? Папа адзначыў, што сучасны свет здольны да інавацый і вытворчасці, але часта губляе разуменне мэты і сэнсу сваіх дзеянняў. Нам усё яшчэ трэба навучыцца аберагаць душу таго, што мы ствараем, - папярэдзіў Святы Айцец.
Леў XIV падкрэсліў важную ролю Касцёла як эксперта ў пытаннях чалавечнасці, які жадае весці дыялог з сучасным светам і прапануе шляхі да агульнага дабра. Ён заклікаў дзеячаў культуры спытаць сябе: што мы сеем сёння, што квітнее, а што ціха засыхае ў нашым грамадстве; якія каштоўнасці мы захоўваем, а якім дазваляем памерці. Гэта глыбокія, неабходныя пытанні, якія нельга ігнараваць, - лічыць Пантыфік.
Папа заклікаў “ткаць сеткі” паміж рознымі грамадскімі інстытутамі, якія спрыяюць павазе да чалавечай годнасці. Ён адзначыў, што ўніверсітэты, бізнес, мастацтва, спорт і тэхналогіі павінны служыць чалавеку, а не ператвараць яго ў сродак дасягнення сваіх мэт. Асобна ён звярнуў увагу на мову камунікацыі, падкрэсліваючы, што яна можа раніць або ацаляць, будаваць адзінства або сеяць падзел.
Леў XIV заклікаў прысутных паразважаць над тым, ці выкаваў бы свет – і асабліва Еўропа – сваю ідэнтычнасць без духоўнага адбітка, які прасякнуў гісторыю пасля ўцелаўлення Хрыста. Ці магчыма верыць, што Еўропа, якую мы так любім, была б такой жа без адбітка веры? Чаму трэба баяцца, што вечнасць пранікне ў паўсядзённасць? – спытаў Папа, аднаўляючы заклік сваіх папярэднікаў: Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту! Хрыстус нічога не забірае, а дае ўсё.
У прамове таксама прагучаў моцны заклік да сацыяльнай справядлівасці і ўвагі да бедных. Святы Айцец нагадаў, што эканамічныя структуры і інстытуты справядлівыя толькі тады, калі служаць цэласнаму развіццю чалавека і спрыяюць адказнаму ўдзелу кожнага (“Magnifica humanitas”, 34).
Частку прамовы Пантыфік прысвяціў спорту як школе павагі і салідарнасці. Ён працытаваў святога Яна Паўла II, падкрэсліваючы, што спорт можа быць сведчаннем згуртаванасці, міру, яднання, адным словам – умення жыць разам.
Напрыканцы прамовы Святы Айцец заклікаў прысутных “стаць новымі ніткамі, каб ткаць новыя сеткі” абноўленага грамадства, дзе час прасякнецца вечнасцю, культура будзе захоўваць памяць і спрыяць дыялогу, адукацыя – шукаць ісціну, мастацтва – абуджаць здзіўленне і нараджаць высакародныя эмоцыі, эканоміка – паважаць годнасць чалавека, а праца застанецца рухавіком надзеі, каб у будучыні працягвала ззяць наша велічная чалавечнасць.
