Пантыфік: клопат пра бліжніх – гэта праверка нашай веры
Марыя Валодзіна - Vatican News
“CEDIA 24 horas” – гэта кругласутачны цэнтр дапамогі для людзей без даху над галавой. Тут не толькі аказваюць базавую падтрымку, даюць ежу і начлег, але і дапамагаюць чалавеку паступова вярнуцца да самастойнага жыцця і працы.
Святы Айцец падкрэсліў, што рады распачаць свой візіт у іспанскую сталіцу менавіта ў гэтым дабрачынным цэнтры. Ён падзякаваў мадрыдцам за цёплы прыём і сказаў, што адчувае сябе часткай “вялікай, цудоўнай сям’і”, у якой адбываюцца цуды любові.
Пантыфік падкрэсліў, што ў гэтым цэнтры ніхто не самотны: уся супольнасць падзяляе радасць і боль кожнага. Супрацоўнікі і валанцёры ідуць шляхам Евангелля, крочачы па слядах Хрыста, Які стаў адным з нас, атаясамліваючы Сябе з кожным, хто пакутуе.
Леў XIV шчыра падзякаваў падапечным і валанцёрам цэнтра, якія падзяліліся сваімі гісторыямі. Жанчына па імені Нюрка звярнулася па падтрымку пасля нараджэння дзяцей, Арэса і Атэнэі. Адчыненыя дзверы дазволілі ёй даць ім жыццё, мацярынскую любоў, ласку Хросту і абяцанне шчаслівай будучыні. Мігрант Хадры здолеў знайсці працу і пачаць дапамагаць іншым. Валанцёрка Алісія падтрымлівае жанчын у складаных жыццёвых сітуацыях, дапамагае ім пачаць новае жыццё, нанова здабыць годнасць, самастойнасць, надзею і павагу. Іх сведчанні адкрываюць перад намі велізарную панараму, населеную мноствам такіх жанчын і мужчын, - заўважыў Святы Айцец.
Папа нагадаў дэвіз апостальскага падарожжа – “Падыміце вашыя вочы” (Ян 4, 35) – назваўшы яго запрашэннем паглядзець на палі, якія паспелі і чакаюць жніва. Яны заклікаюць не адкладваць справы міласэрнасці, узяць на сябе адказнасць за тых, хто пакутуе. “Любоў Хрыста падштурхоўвае нас да братоў, а любоў і клопат, з якімі мы адказваем на Яго заклікі, з’яўляюцца праверкай нашай веры”, - сказаў Леў XIV.
Пантыфік папярэдзіў вернікаў пра небяспеку ўплыву свецкіх ідэалогій або палітычных і эканамічных арыенціраў, якія вядуць да несправядлівых абагульненняў і памылковых высноў. “Той факт, што праявамі міласэрнасці пагарджаюць, высмейваюць іх, нібыта гэта ідэя фікс асобных людзей, а не гарачае ядро місіі Касцёла, прымушае мяне думаць, што трэба заўсёды перачытваць Евангелле, каб не рызыкаваць замяніць яго свецкім менталітэтам. Нельга забываць пра бедных, калі мы не хочам пакінуць жывую плынь Касцёла, якая вынікае з Евангелля і апладняе кожны момант гісторыі (Dilexi te, 15)”, - падкрэсліў Папа.
Папа заклікаў прысутных захоўваць чулае сэрца і не губляць імкнення да дабра, якое Бог заклаў у чалавечую прыроду. Ён нагадаў словы Францішка аб тым, што вера павінна нараджаць у чалавеку жывую зацікаўленасць, запал, мару і жаданне дзейнічаць. Ён папярэдзіў пра небяспеку абыякавага, “халоднага сэрца”, якое замыкаецца ў спакойным жыцці, чарсцвее і перастае спачуваць іншым. Жывое сэрца дорыць жыццё, тады як ледзяное сэрца вядзе да смерці, - адзначыў Пантыфік.
Святы Айцец заклікаў не абмяжоўвацца міласцінай, але бачыць у тых, хто пакутуе, братоў і сясцёр. Ён згадаў словы Францішка пра тое, што сапраўдная міласэрнасць патрабуе глядзець чалавеку ў вочы, дакранацца да рукі, слухаць яго гісторыю і спрабаваць зразумець яе.
Сваю прамову Леў XIV завяршыў малітоўным зваротам да Найсвяцейшай Панны Марыі Альмудэнскай, апякункі Мадрыда, даручыўшы яе заступніцтву ўсіх супрацоўнікаў, валанцёраў і падапечных дабрачыннага цэнтра.
