Леў XIV у Санта-Марыя-дзі-Галерыя, 2025.06.19 Леў XIV у Санта-Марыя-дзі-Галерыя, 2025.06.19  (@Vatican Media)

Фонд “Брат Сонца”: новы этап у развіцці зялёнай энергетыкі ў Ватыкане

Святы Айцец заснаваў Фонд “Брат Сонца”, які будзе ажыццяўляць экалагічныя праекты ў галіне сонечнай энергіі ў Ватыкане і экстэрытарыяльнай зоне Санта-Марыя-дзі-Галерыя пад Рымам.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У хірографе, падпісаным 1 чэрвеня 2026 года, Леў XIV пацвярджае рашэнні, прынятыя Францішкам у апостальскім лісце “Брат Сонца” (“Fratello Sole”), выдадзеным 21 чэрвеня 2024 года ў форме motu proprio. У ім Папа Францішак адзначыў неабходнасць пераходу да ўстойлівай мадэлі развіцця і даручыў Губернатарату Дзяржавы Ватыкан і Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы стварыць у Санта-Марыя-дзі-Галерыя аграэлектрычную станцыю, якая будзе цалкам забяспечваць электрычнасцю не толькі існуючую там радыёстанцыю, але і ўсю Дзяржаву Ватыкан. Старшыні гэтых дзвюх ватыканскіх устаноў былі прызначаныя надзвычайнымі камісарамі з паўнамоцтвамі па ажыццяўленні адміністрацыйнай дзейнасці, неабходнай для выканання гэтай задачы.

У новым хірографе Леў XIV спасылаецца таксама на пагадненне з італьянскімі ўладамі, падпісанае 31 ліпеня 2025 года, якое ўступіла ў сілу 27 мая 2026 года. Улічваючы гэтыя дамоўленасці, Пантыфік вырашыў неадкладна надаць праекту інстытуцыйную форму і заснаваў Фонд “Брат Сонца”.

Як гаворыцца ў хірографы, дзейнасць новага фонду стане “знакам надзеі на будучыню” і прыкладам гарманічнага спалучэння энергетыкі і сельскай гаспадаркі пры павазе да навакольнага асяроддзя. У аснову яго дзейнасці пакладзены прынцыпы экалагічнай устойлівасці і клопату пра агульны дом, сфармуляваныя ў энцыкліцы “Laudato si’”, апостальскай адгартацыі "Laudate Deum", у апостальскім лісце “Брат Сонца” і ў сацыяльным вучэнні Касцёла.

Юрыдычная сядзіба новага фонду размесціцца ў Дзяржаве Ватыкан, а аперацыйная дзейнасць будзе ажыццяўляцца ў экстэрытарыяльным раёне Санта-Марыя-дзі-Галерыя. Хірограф зацвярджае статут новай установы, які адначасова набывае юрыдычную сілу.

На першы трохгадовы перыяд дзейнасці фонду Леў XIV прызначыў старшыню Губернатарату Дзяржавы Ватыкан і старшыню Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы адпаведна старшынёй і віцэ-старшынёй з усімі паўнамоцтвамі, прадугледжанымі статутам.

02 чэрвеня 2026, 12:45