Леў XIV распачаў апостальскае падарожжа ў Іспанію
Марыя Валодзіна - Vatican News
Самалёт “Airbus A320-9” авіякампаніі “ITA Airways” з Пантыфікам на борце пакінуў рымскі аэрапорт Ф’юмічына ў 8:13 раніцы. Першы этап апостальскага падарожжа – Мадрыд. Затым Святы Айцец наведае Барселону і Канарскія астравы. Візіт у Іспанію працягнецца да 12 чэрвеня 2026 года.
Пералёт з Вечнага горада ў сталіцу Іспаніі зойме каля дзвюх з паловай гадзін. Прыбыццё ў міжнародны аэрапорт імя Адольфа Суарэса чакаецца каля 10:30 па мясцовым часе.
Пасля афіцыйнай цырымоніі прывітання на іспанскай зямлі, якую ўзначаляць кароль Філіп VI і каралева Летыцыя, Папа накіруецца ў Каралеўскі палац з візітам ветлівасці да каралеўскай сям'і. Пасля гэтага адбудзецца сустрэча Папы з прадстаўнікамі ўлады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса.
У другой палове дня Святы Айцец сустрэнецца з супрацоўнікамі і ўдзельнікамі сацыяльнага праекта “CEDIA 24 Horas”, які дапамагае людзям у складаных жыццёвых абставінах. Завершыцца дзень малітоўным чуваннем з моладдзю, якое адбудзецца на плошчы Лімы.
Леў XIV наведае сталіцу Іспаніі праз пятнаццаць гадоў пасля апошняга візіту Бэнэдыкта XVI, які адбыўся з нагоды Сусветных дзён моладзі. Бэнэдыкт XVI тройчы наведваў краіну, святы Ян Павел II быў у Іспаніі пяць разоў.
Па традыцыі, падчас палёту Леў XIV накіраваў тэлеграму прэзідэнту Італьянскай Рэспублікі Серджа Матарэле. Ён запэўніў кіраўніка дзяржавы ў сваіх малітвах за дабрабыт і росквіт італьянскага народа. Ён таксама адзначыў, што падарожжа ў Іспанію адбываецца “пад матчыным позіркам Найсвяцейшай Панны Марыі, якая прымае нас і вядзе да Бога, крыніцы адзінства і надзеі для ўсіх народаў”.
